«Аб чым дрыжыць мой кожны квант». Услухаліся ў песні рашуча беларускамоўнага альбома «Пятлі прыхільнасці»
15 гадоў таму мінская рок-група «Пятля прыхільнасці» выпусціла свой першы альбом «Всем доволен». Расійскія музычныя крытыкі назвалі рэліз найлепшым на рускай мове. Самі музыкі ніколі не прылічвалі сябе да так званага «рускага року», яны проста спявалі пра блізкія любому постсавецкаму чалавеку рэчы: слабасці і залежнасці маленькага чалавека, шэрыя пейзажы за акном і паўсядзённасць, у якой няма перспектыў. Але новы альбом «Суперпазіцыя» адкрывае і новы этап у творчасці культавага беларускага пост-панк-гурта, піша Мікола Бугай.
25.10.2024 / 20:23
Пятля прыхільнасці, фота t.me/petlia
Ох і складаную метафару выбрала «Пятля прыхільнасці» для назвы свайго новага альбома. Галаваломным тэрмінам «суперпазіцыя» апісваецца змяшэнне некалькіх станаў, некалькіх спосабаў пераходу з пачатковага стану ў канцавы — стан, парадаксальны з пункту гледжання нашага штодзённага вопыту.
Прыкладам можа быць эксперымент з катом Шродзінгера, у якім узнікае квантавая суперпазіцыя жывога і мёртвага ката.
Прынцып суперпазіцыі, як і ўвогуле квантавая механіка — а адна з цэнтральных песень альбома называецца «Квант», — прымяняльны не толькі да мікра-, але і да макрааб'ектаў.
Змяніўся Ілля, змянілася «Пятля»
Наш рэгіён апынуўся ў парадаксальным стане пераходу. Магчыма, гэты працэс ужо завершаны, а мы ўсё яшчэ не ўсведамляем гэтага. Як так можа быць, што вайна гэта мір? Як так можа быць, што нязгода гэта турма? Як так можа быць, што свабода гэта рабства?
Некалі лідар гурта Ілля Чарапко прызнаваўся, што яму бракуе смеласці, каб пачаць пісаць па-беларуску. Змяніліся абставіны, змяніўся Ілля, змянілася «Пятля».
Пункт збору для эвакуацыі
Першая дэталь, якая кідаецца ў вочы яшчэ да таго, як пачынаеш слухаць «Суперпазіцыю», — яе вокладка.
Яна літаральна крычыць сваім кіслотна-зялёным колерам ды адсутнасцю тэксту і выбіваецца з агульнай дыскаграфіі.
Гэта крыху зменены знак пункту збору людзей для эвакуацыі. Знак страшнай рэчаіснасці, у якой вымушаныя жыць музыкі і слухачы гурта. Ці рыхтавацца да яе.
Дыскаграфія «Пятлі прыхільнасці». Скрыншот стрымінга Spotify
Першы трэк на альбоме — «Квант», які выходзіў некалькі месяцаў таму сінглам. Музычна і тэкстава — гэта старая-знаёмая «Пятля». Толькі
за тры гады, якія прайшлі з выхаду папярэдняга лонгплэя, у спектр тэмаў гурта дадаліся і новыя: існаванне сярод страху, немагчымасць абараніць сябе ды блізкіх і немагчымасць уцячы ад гэтай рэальнасці. Вось «аб чым дрыжыць мой кожны квант», гаворачы радком з песні «Квант».
Але пасля трывожнага «Кванта» ідзе пяшчотная песня «Алоха», у якой няма месца страху. Ствараецца даволі дзіўнае адчуванне, быццам пасля панічнай атакі. Аднак расслабляцца рана — далей Чарапко і кампанія будуць катаць слухача на эмацыйных амерыканскіх горках. Ці ствараць эфект сігналу паветранай трывогі.
Хочацца слухаць яшчэ і яшчэ
Тое самае можна сказаць і пра музычны складнік «Суперпазіцыі»: песня «Катастрофа» — гэта чыстая электроніка, больш тыповая для іншага гурта Чарапко — «Касіяпея». А трэк «Жыццё як жах» да альбома дайшоў у павольнай акустычнай версіі, якая стварае эфект поўнага дысанансу з тэкстам. Але не робіць яго горшым.
Пасля «Жаху» раптам ідзе аптымістычная песня «Штосьці добрае», якая закрывае «Суперпазіцыю». Збірае раструшчанага слухача, удыхае ў яго жаданне жыць і кладзе яму ў рукі надзею. Музыка сціхла, а разумення, што гэта было, пакуль не з’явілася. Таму хочацца слухаць яшчэ і яшчэ.
Форма адказу — выбар мовы
«Альбом аб пачуццях назіральніка за катом Шродынгера. У ролі ката — наша з вамі ўсіхная будучыня. Аб роспачы, праз прызму якой усё ўжо выглядае мёртвым, і надзеі, якая дазваляе бачыць яго жывым. Пра невыноснасць перажывання суперпазіцыі аб'екта наш новы поп-альбом», — так характарызуе яго сам гурт.
«Суперпазіцыя» выходзіць за рамкі магчымасцяў таго самага «маленькага чалавека», які быў у цэнтры ўвагі ўсе 15 гадоў. Цяпер такі час, што, каб выжыць, яму даводзіцца змагацца за выжыванне.
І хто як не «Пятля прыхільнасці» можа стаць прыкладам такога выжывання — гурт, пазбаўлены магчымасці выступаць на радзіме, працягвае запісваць альбомы і ездзіць у туры. А беларускамоўны рэліз (які, дарэчы, не працягвае шэраг «эмігранцкай» музыкі, ён ані трохі не «эмігранцкі») яшчэ мацней скіраваў фокус ягонай творчасці на тое, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі. І яшчэ больш аддзяліў яго ад рускарокавага налёту, і гэта сугучна ўспрыманню многіх людзей, для якіх ён цяпер стаў таксічны.
Рэфлексія «Пятлі прыхільнасці» на шакуючы з пункту гледжання нашага ранейшага досведу стан — стан суперпазіцыі роспачы і надзеі, — напісаная на беларускай мове. А форма адказу бывае ж і сутнасцю адказу.
Альбом на розных музычных платформах: