Вучоныя высветлілі, як з'явіліся першыя пацалункі

Новая інфармацыя прымусіць вас задумацца перад тым, як пацалавацца.

27.10.2024 / 16:46

Фота: AP Photo Visar Kryeziu

Як піша Daily Mail, эвалюцыйны псіхолаг з Уорыкскага ўніверсітэта Адрыяна Ламейра сцвярджае, што першымі цалавацца пачалі нашы валасатыя продкі мільёны гадоў таму. На яго думку, яны выкарыстоўвалі лёгкі ўсмоктваючы рух вуснамі для выдалення кляшчоў і вошай з поўсці адно аднаго.

Першапачаткова гэты акт насіў гігіенічны характар, а праз мільёны гадоў, са стратай поўсці, ён ператварыўся ў спосаб выражэння прыхільнасці, набыўшы сэксуальныя адценні і стаўшы папярэднікам спарвання.

У сваім даследаванні, апублікаваным у часопісе Evolutionary Anthropology, Ламейра тлумачыць, што акт ачысткі цела з дапамогай вуснаў быў неад’емнай формай догляду за сабой для выдалення паразітаў, адмерлай скуры і смецця. Эксперт лічыць, што такі сеанс паміж нашымі валасатымі продкамі выконваўся па ўсім целе, заканчваючыся кантактам рот у рот.

Вельмі паступова, па меры таго як нашы продкі эвалюцыянавалі і станавіліся ўсё менш і менш валасатымі, гэтыя сеансы догляду станавіліся карацейшыя, але фінальная стадыя кантакту засталася, ператварыўшыся ў тое, што мы ведаем як пацалунак.

«Гігіенічнае значэнне такога догляду за сабой зменшылася па меры таго, як людзі гублялі поўсць. Аднак скарочаныя сеансы, хутчэй за ўсё, захавалі фінальную стадыю «пацалунку», які стаў апошнім напамінам аб некалі рытуальных паводзінах, накіраваных на ўмацаванне сацыяльных і роднасных сувязяў сярод продкаў-прыматаў», — піша Ламейра.

Навуковец мяркуе, што такая форма догляду за сабой з'явілася каля 7 млн ​​гадоў таму, калі нашы продкі злезлі з дрэў на зямлю.

Каля 2-4 мільёнаў гадоў таму, калі нашы продкі пазбавіліся ўсёй поўсці, яны канчаткова «сталі прыматамі, якія цалуюцца». Больш сучасныя згадкі пра пацалункі сустракаюцца ў тэкстах Месапатаміі і адносяцца да перыяду каля 2500 гадоў да нашай эры.

Навуковец таксама тлумачыць, што большасць сучасных формаў пацалункаў, ад сяброўскага ў шчаку да рэлігійнага блаславення, узыходзяць да гэтых старажытных практык, а эратычны пацалунак быў вядомы старажытным рымлянам як savium.

Аднак дакладнае тлумачэнне сэксуальнага падтэксту ў пацалунках застаецца не да канца зразумелым, і, на думку Ламейры, гэтая сувязь патрабуе далейшых даследаванняў, каб зразумець, чаму ў людзей з'явіўся парыў цалаваць партнёраў менавіта ў кантэксце рамантычных адносін.

Ламейра падкрэслівае, што пацалунак — гэта «крышталізаваны сімвал даверу і блізкасці», унікальны для чалавека спосаб выказвання прыхільнасці, які захоўвае сляды старажытнага рытуалу.

Справа аб пацалунку. ФІФА хоча адхіліць Рубіалеса ад футбола на 15 гадоў

Навукоўцы выявілі, у які бок нахіляюць галаву пры пацалунку большасць людзей

Цалавацца не прынята ў большай частцы чалавечых культур

Калі і дзе быў першы пацалунак? Навукоўцы высветлілі, з якога часу людзі навучыліся цалавацца ў вусны

Nashaniva.com