МКС абвінаваціў Манголію ў парушэнні Рымскага статута за адмову арыштаваць Пуціна

МКС перадаў на разгляд дзяржавам-удзельніцам Рымскага статута справу Манголіі. Што пагражае Манголіі — невядома.

25.10.2024 / 11:00

Пуціна ў Манголіі сустракалі чырвонай дарожкай

Палата папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) пастанавіла, што, адмовіўшыся арыштоўваць Уладзіміра Пуціна, Манголія не выканала абавязацельстваў у рамках супрацоўніцтва з судом, што супярэчыць палажэнням Рымскага статута.

«Улічваючы сур'ёзнасць адмовы Манголіі супрацоўнічаць з судом, палата палічыла неабходным перадаць гэтае пытанне на разгляд Асамблеі дзяржаў-удзельніц», — гаворыцца ў прэс-рэлізе інстанцыі.

Якім будзе пакаранне для Манголіі — невядома. 

Раней улады Манголіі заявілі, што краіна знаходзіцца ў энергетычнай залежнасці ад Расіі, і таму не можа арыштаваць Пуціна.

Кіраўнік Расіі наведаў Манголію з афіцыйным візітам 2-3 верасня. 

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай у сакавіку 2023 года. 

Nashaniva.com