Бабры атакавалі цэнтр Мінска

У рэдакцыю Onlíner напісала чытачка, якая заўважыла, што ў сталічным скверы «Старасцінская Слабада» бабры пагрызлі ствалы дрэў.

25.10.2024 / 10:43

— На днях звярнула ўвагу, што ў скверы каля метро «Няміга» бабры зноў пашкодзілі дрэвы. Я ўпэўнена, што гарадскія службы ў курсе праблемы, таму што гэта паўтараецца не раз. Чаму нельга загадзя абгарнуць усе дрэвы на гэтай тэрыторыі, паблізу вады, металічнай сеткай? Кошт пытання — тры капейкі, — задала пытанне мінчанка. 

Журналісты ўдакладнілі ў «Зелянбудзе» Цэнтральнага раёна Мінска, ці ведаюць там пра праблему.

— Калі мы заўважаем, што дрэвы пашкоджаныя бабрамі, аператыўна прымаем меры: афарбоўваем пашкоджаную частку ствала і абмотваем сеткай-рабіцай, каб прадухіліць гібель раслін. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў трымае на кантролі гэтае пытанне. Яны адбіраюць баброў з гарадскога асяроддзя і вывозяць іх за межы сталіцы, — растлумачылі ў «Зелянбудзе».

Nashaniva.com