«Пры чым тут US?!» На саміце БРІКС дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» ледзь не зрабілі амерыканцам
Кур'ёзам з кулуараў саміту ў Казані падзяліўся біёграф Пуціна Андрэй Калеснікаў.
24.10.2024 / 23:32
Дзмітрый Мезенцаў
На саміце БРІКС прысутнічаў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Для яго падрыхтавалі спецыяльную таблічку з абрэвіятурай, якую ўспрынялі як «варожую».
Падрабязнасці расказаў для «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў.
«Першым у зале гэтым разам з'явіўся намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў (а не яго шэф, Сяргей Лаўроў, як напярэдадні). Ён не спяшаючыся абыходзіў круглы стол, вывучаў таблічкі на ім — і нездарма.
«Як гэта?! — раптам расхваляваўся ён. — Што гэта?!»
Перад сталом, за якім павінен быў сядзець дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, стаяла шыльда «US». Арганізатары палічылі, што менавіта так пазначаецца Саюзная дзяржава.
«US! Гэта ж устойлівая абрэвіятура! Пры чым тут US?! Прыбярыце!» — заклікаў Сяргей Рабкоў.
Што ж, прадстаўнікоў Злучаных Штатаў тут і праўда не было. Спадара Мезенцава можна было ў найгоршым выпадку прыняць за агента ўплыву. Сяргей Рабкоў для пэўнасці тым часам запхнуў здрадніцкую таблічку ў свой партфель», — расказаў Калеснікаў.
Неўзабаве ў зале з'явіўся сам Мезенцаў, яму паабяцалі аператыўна зрабіць новую таблічку. Ён пагадзіўся, што абрэвіятура «US» не адлюстроўвае сутнасці арганізацыі.
«Новай шыльды пакуль не было, і выбар, здавалася, невялікі. Слоўнік, які падвярнуўся пад руку, увогуле прапаноўваў адзіны варыянт: «United Realm», гэта значыць Саюзнае царства», і варыянт гэты быў, падобна, у гэтай сітуацыі самым прыдатным.
Праўда, урэшце была абраная кампрамісная версія. На новай таблічцы з'явілася абрэвіятура «URB» (саюз Расіі і Беларусі, відавочна). За ёй і прытаіўся ўрэшце Дзмітрый Мезенцаў», — напісаў Калеснікаў.
Лукашэнка незадаволены, што яго адправілі ў «прылазнік»