Вясковец у полі наткнуўся на шкілет чалавека. Аказалася, памерлы даўно пайшоў на могілкі і не вярнуўся

Для ідэнтыфікацыі памерлага ў Касцюковіцкім раёне чалавека прыйшлося праводзіць генетычную экспертызу.

24.10.2024 / 17:42

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

Жыхар Касцюковіцкага раёна ў канцы ліпеня збіраў ураджай і наткнуўся на чалавечыя парэшткі.

На месцы не знайшлі ніякіх дакументаў або іншых рэчаў, па якіх можна было вызначыць асобу памерлага — толькі абутак і адзенне. 

Сілавікі выказалі здагадку, што парэшткі могуць належаць жыхару адной з найбліжэйшых вёсак, які знік без вестак у траўні. Пошукі вяскоўца тады не прынеслі выніку, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Судовыя эксперты правялі генетычную экспертызу па выяўленых парэштках і біялагічных узорах родных братоў зніклага. Яна пацвердзіла, што парэшткі належаць 49-гадоваму мясцоваму жыхару.

Ён знік яшчэ ў траўні. Па словах сваякоў, мужчына пайшоў на могілкі наведаць магілы бацькоў, але дадому не вярнуўся.

Эксперты не знайшлі прыкмет гвалтоўнай смерці.

Nashaniva.com