Памёр Віктар Лук'янаў
18 кастрычніка пайшоў з жыцця наваполацкі мастак, акварэліст, сябра Беларускага саюза мастакоў, ганаровы грамадзянін Наваполацка Віктар Лук’янаў. Гэта мастак, які ствараў візуальнае аблічча Наваполацка, паведамляе радыё «Рацыя». Яму было 84 гады.
24.10.2024 / 15:56
Віктар Лук'янаў
Віктар Лук’янаў нарадзіўся 27 лютага 1940 года ў вёсцы Уласава Віцебскага раёна.
Ужо студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ён актыўна браў удзел у выставах і сур’ёзна захапіўся акварэллю. Менавіта акварэль ён называў сваёй улюбёнай тэхнікай, якой валодаў віртуозна.
У 1970-я гады Віктара Лук'янава запрасілі прыехаць у горад Наваполацк, які актыўна забудоўваўся, і заняць там пасаду галоўнага мастака. У той час у горадзе мастакі і архітэктары працавалі разам. Віктар Міхайлавіч шмат працаваў над афармленнем грамадскіх будынкаў. Ім і яго калегамі выкананыя вітражы ў паліклініцы № 1, пано ў кінатэатры «Мінск», мазаікі на фасадах дзіцячых садкоў і многае іншае.
У 1998 годзе Віктару Міхайлавічу было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Наваполацка.
На рахунку майстра дзясяткі манументальных работ у інтэр’ерах і экстэр’ерах грамадскіх будынкаў. Акварэльныя работы Віктара Лук’янава захоўваюцца ў мастацкіх музеях, галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Японіі, ЗША, Італіі, Германіі, Швецыі, Ізраіля.