«Панёс такую лухту, што нават я здзівіўся». Кізім пракаментаваў заявы Лукашэнкі
Пасол па асобых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім, які быў паслом Украіны ў Беларусі падчас пачатку вайны, пракаментаваў учорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь не давала Расіі тэрыторыі для нападу на Украіну і што Беларусь у вайну не ўцягнутая.
25.10.2024 / 09:46
Пасол па асобых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Фота: Наша Ніва
Кізім адрэагаваў на заяву Лукашэнкі, што той ідзе на выбары.
«Відавочна, што ў сёмы раз ён выйдзе «пераможцам». Магчыма, гэта тычылася б выключна беларускага грамадства, калі б Беларусь не стала саўдзельнікам расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны і не стварыла міграцыйны крызіс на межах з ЕС.
Менавіта падчас яго цяперашняй кадэнцыі Беларусь, якая лічылася больш-менш нейтральнай краінай у цэнтры Еўропы, стала крыніцай пагроз, перш за ўсё для суседзяў, краінай-суагрэсарам, краінай, з тэрыторыі якой раздаюцца ядзерныя пагрозы, а таксама краінай з цяжка прадказальнай і несамастойнай знешняй палітыкай, абсалютна залежнай ад капрызаў Крамля», — напісаў Кізім.
Ён дадае, што з інтэрв'ю ВВС можна зразумець, чаго чакаць Украіне ад сёмага лукашэнкаўскага тэрміну.
«Не люблю цытаваць, але ж «Гэта я яшчэ па мінімуме ўцягнуты ў гэты канфлікт. А можна сказаць наогул не ўцягнуты»… Праўда, вельмі падобна на пуцінскае «Мы яшчэ не пачыналі», — піша Кізім. — Яшчэ цікавей былі яго тлумачэнні адносна нападу Расіі з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года. Ну вярталіся сабе расійскія войскі да сябе з вучэнняў на поўдні Беларусі, а потым раз…. і павярнулі на Кіеў… Але неяк [Лукашэнка] не тлумачыць, чаму адначасова паляцелі ракеты і бомбы па ўкраінскай тэрыторыі з беларускіх аэрадромаў і чаму гэта ўварванне працягвалася не адзін месяц. Хоць не, тлумачыць: «Спытайце ў Зяленскага» (???). Нармальна», — звяртае ўвагу на супярэчнасці Кізім.
Ён кажа, што знаходзячыся ў той час у Мінску, чуў «бляянні ягнят» (або іх маўчанне), якімі тлумачылі тамтэйшыя дыпламаты і чыноўнікі відавочны факт расійскай агрэсіі і яе падтрымкі беларускімі ўладамі».
«Прынамсі, да таго, як іх рулявому не падрыхтавалі адпаведныя тэзісы, якія ён да гэтага часу выкарыстоўвае падчас падобных інтэрв'ю. Лукашэнка, думаю ўсе заўважылі, наогул мала што мяняе ў сваіх ацэнках і тлумачэннях (якія яму «ўпіхнулі» ў галаву КДБ і СВР), хіба што ў бок нагнятання і дадавання «жудасных» прыкладаў. Так, у адказ Розэнбергу на пытанне, чаму той не падтрымаў Украіну, ён зноў панёс такую лухту, што нават я здзівіўся… Прычынай называюцца і санкцыі, і захоп вагонаў, і арышт аўтамабіляў з кіроўцамі (якіх ён нібыта вызваліў, правёўшы спецаперацыю), і пецярых забітых беларусаў, целы якіх «расчлянілі, каб мы не зразумелі як яны загінулі», — піша дыпламат.
Ён звяртае ўвагу, што першыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ за яе саўдзел у расійскай агрэсіі Украіна ўвяла толькі ў лістападзе 2022.
«Вагоны» і «аўто» былі ўжо пасля пачатку агрэсіі і, у гэтым кантэксце, мабыць сталі апраўданай рэакцыяй з украінскага боку «да лепшых часоў».
Аперацыя «па вызваленні» — гэта было банальнае выкарыстанне сітуацыі з абменам украінскіх кіроўцаў, якія вярталіся з Расіі праз Брэст, на расійскіх, якія ехалі ў Расію. Беларусь патрабавала дадаць сваіх кіроўцаў (іх і так планавалі аддаць пазней), у спісы расейцаў. Але самым цікавым у «тлумачэннях» выглядае павелічэнне колькасці беларусаў, якіх «расчлянілі». У папярэдніх інтэрв'ю, я ўзгадваю, гаворка ішла пра двух, а цяпер ужо пра пяцёх. Што будзе далей?
Кажу гэта без асаблівага сарказму, а тым больш самазадавальнення. Мой каментар, перш за ўсё, для таго, каб зразумець, чаго чакаць не толькі беларусам, але і нам, украінцам, і іншым краінам нашага рэгіёну ад знаходжання ва ўладзе гэтага чалавека яшчэ наступныя пяць гадоў», — напісаў Кізім.