Беларус прадае 23-гадовую BMW «пяцёрку» за 27 500 даляраў і не гатовы таргавацца, бо з грашыма ў яго ўсё ў парадку

«Машына стаіць у цёплым гаражы і з гадамі толькі даражэе».

24.10.2024 / 15:02

Фота: av.by

Беларус прадае старую BMW 5 за вялікія грошы. Машына 2001 года выпуску. Пад капотам у яе бензінавы рухавік аб'ёмам 4,4 літра магутнасцю 286 к.с, які працуе ў пары з 6-ступеньчатай механічнай каробкай перадач.

Заяўлены прабег — 93 тысячы кіламетраў. Апошняя адзнака ў нямецкай сэрвіснай кніжцы — 03.06.2004 года. Тады прабег аўтамабіля складаў 69 857 кіламетраў. Яшчэ праз год (17.07.2005) машыну размытнілі ў Беларусі.

Калі гэта праўда, то атрымоўваецца, за апошнія 19 гадоў, што машына знаходзіцца тут, на ёй праехалі ўсяго каля 20 тысяч кіламетраў.

Фота: av.by, калаж «Наша Ніва»

Візуальна аўтамабіль выглядае сапраўды вельмі добра, шэры скураны салон таксама знаходзіцца ў добрым стане.

Фота: av.by

Але нягледзячы на невялікі прабег, добры стан і магутны матор, гэта не нейкая рэдкая BMW M5, а шараговая е39, за якую просяць 27 500 даляраў.

Пры гэтым у апісанні прадавец адзначае, што ягоная машына сапраўды адзіная ў Беларусі, а можа быць, і не толькі ў ёй. 

Фота: скрыншот з сайта av.by

«Толькі для сапраўдных аматараў, якія разумеюць у Е39! Прабег родны. Усе арыгінальныя нямецкія дакументы. Любыя праверкі. Без торгу! З грашыма ўсё ў парадку. Спешкі ў продажы няма, машына стаіць у цёплым гаражы і з гадамі толькі даражэе», — гаворыцца ў апісанні. 

Nashaniva.com