Юрый Чыж пайшоў у малочны бізнэс у Расіі. Як атрымліваецца?
Заснавальнік і саўладальнік «Трайпла» Юрый Чыж зноў судзіцца. Бізнэсмен спрабуе ўзяць пад кантроль малаказавод у курортным расійскім горадзе Геленджык. Пакуль атрымоўваецца не вельмі, піша «Беларусы і рынак».
24.10.2024 / 11:50
Юрый Чыж. Фота: delfi.lt
У гэтым месяцы Юрый Чыж атрымаў адмоўнае заключэнне ў Арбітражным судзе Краснадарскага краю.
Як вынікае з судовай справы, на дадзены момант вядомы ў Беларусі бізнэсмен з'яўляецца ўладальнікам 7800 акцый АТ «МОРЕ» (да верасня гэтага года называлася АТ «Малзавод Геленджыкскі»). Гэты пакет складае 38,3349% ад іх агульнай колькасці. Частку з іх Чыж атрымаў у сярэдзіне 2010-х, частку выкупіў у 2023 годзе ў яшчэ аднаго беларускага акцыянера завода.
У гэтым годзе беларускі бізнэсмен паспрабаваў аспрэчыць у судзе факт дарэння АТ «МОРЕ» нейкай грамадзянкай Ірынай Масолавай свайго пакета ў 2614 штук акцый.
Навошта? Як можна падлічыць, яе пакет складае 12,8471% ад капіталу таварыства. І яго якраз не хапае, каб Чыж мог атрымаць 51% акцыяў прадпрыемства.
У Арбітражны суд Краснадарскага краю Юрый Чыж звярнуўся на падставе таго, што нібыта, калі летам 2023 года адбылася гэтая здзелка, былі парушаны яго правы як акцыянера. Таварыства стала ўладальнікам гэтага пакета ў перыяд, калі знаходзілася ў працэдуры банкруцтва (у перыяд з 2016 года і да верасня 2023-га), і іншыя акцыянеры не маглі па законе на яго прэтэндаваць.
Аднак пасяджэнне суда, якое адбылося ў пачатку кастрычніка, адмовіла пазоўніку ў прызнанні дамовы несапраўднай. Было ўказана, што яна не супярэчыць закону і не парушае правоў іншых акцыянераў, паколькі была аформлена як акт бязвыплатнага дарэння. Таксама суд пастанавіў зняць з гэтых акцый раней прынятыя па хадайніцтве Чыжа забеспячальныя меры.
У Юрыя Чыжа яшчэ ёсць час да пачатку лістапада абскарджваць гэтае рашэнне. Але ці будзе ён далей судзіцца, магчыма, залежыць ад паралельнага разгляду пазову Міністэрства эканомікі Краснадарскага краю да АТ «МОРЕ». У ім ведамства просіць ізноў прызнаць гэтае прадпрыемства банкрутам. Завод прастойваў у 2023 годзе і пасля выхаду з першага банкруцтва амаль на чвэрць нарасціў страты.
Спачатку ў жніўні міністэрству было адмоўлена. Але апеляцыйная інстанцыя ў верасні зноў запусціла працэс магчымага паўторнага банкруцтва найстарэйшага малакаперапрацоўчага прадпрыемства горада. Рашэнне па гэтым пытанні, як вынікае з матэрыялаў справы, будзе прымацца ў снежні 2024 года.