Турцыя нанесла ўдары па цэлях на поўначы Сірыі і Ірака

ВПС Турцыі нанеслі ўдары па цэлях на поўначы Сірыі і Ірака. Напярэдадні, 23 кастрычніка, у Анкары адбыўся тэракт.

24.10.2024 / 08:10

Турэцкія вайскоўцы правялі паветраныя аперацыі супраць тэрарыстычных цэляў на поўначы Ірака і Сірыі. Усяго было «паспяхова знішчана» 32 цэлі, паведамляе Мінабароны Турцыі. 

Турэцкія вайскоўцы падкрэслілі, што аперацыя была праведзена «ў адпаведнасці з нашымі правамі на самаабарону, якія выцякаюць з артыкула 51 Статута ААН».

«Падчас гэтых аперацый былі прыняты ўсе меры засцярогі, каб прадухіліць шкоду бязвінным грамадзянскім асобам, гістарычным і культурным каштоўнасцям і навакольнаму асяроддзю», — гаворыцца ў паведамленні. 

Напярэдадні ў Анкары каля будынка авіякасмічнай кампаніі — вытворцы ваенных самалётаў і касмічнага абсталявання — прагрымеў выбух, затым была перастрэлка. Былі забіты двое тэрарыстаў. Ахвярамі тэракту сталі пяць чалавек, яшчэ 22 пацярпелі. Улады Турцыі мяркуюць, што тэракт учынілі члены Рабочай партыі Курдыстана.

Nashaniva.com