У Расіі рэзка павялічылася колькасць згвалтаванняў. Вярнуліся з фронту крымінальнікі

У Расіі, на фоне вяртання крымінальнікаў з украінскага фронту, на працягу апошняга года рэзка павялічылася колькасць асуджаных па артыкулах, звязаных са злачынствамі супраць палавой недатыкальнасці, паведамляе тэлеграм-канал «Можем объяснить» са спасылкай на даныя Судовага дэпартамента пры Вярхоўным Судзе РФ.

23.10.2024 / 21:34

Фота ілюстрацыйнае

Асабліва прыкметны рост асуджаных па артыкуле аб гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару, учыненых пры абцяжарвальных абставінах (ч.2 арт. 132 КК РФ).

Колькасць асуджаных па гэтым артыкуле павялічылася больш чым напалову (на 51%). Калі за першае паўгоддзе 2023 года па ч. 2 арт. 132 да адказнасці былі прыцягнутыя 97 чалавек, то ў 2024 годзе за той жа перыяд — ужо 147.

Да абцяжарвальных абставін адносяцца злачынствы, учыненыя групай асоб, з пагрозай забойства, з прычыненнем цяжкай шкоды здароўю або якія выклікалі заражэнне венерычнай хваробай, адзначае выданне.

Яшчэ больш істотны рост назіраецца па самай цяжкай частцы гэтага артыкула (ч. 5 арт. 132). Па ёй судзяць гвалтаўнікоў-рэцыдывістаў, а таксама за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетніх. Тут рост склаў 77,4% — з 71 да 126 асуджаных.

Па артыкуле аб згвалтаванні пры асабліва абцяжарвальных абставінах (ч. 3 арт. 131) прырост склаў 17,3% — 144 чалавекі супраць 169.

На павелічэнне колькасці згвалтаванняў і іншых цяжкіх злачынстваў у Расіі ўплывае вяртанне з фронту крымінальнікаў, памілаваных Пуціным за ўдзел у вайне супраць Украіны. Паводле даных Бі-бі-сі і «Медыязоны», больш за 31 тысячу злачынцаў былі вызваленыя за ўдзел у канфлікце ў складзе толькі ПВК «Вагнер». Пры гэтым ёсць і іншыя падобныя падраздзяленні, даныя якіх у даследаванні не ўлічваліся.

У Расіі вагнеравец забіў двух чалавек, пайшоў на вайну, вярнуўся і напаў з нажом на жанчыну. Але судзіць яго не будуць

У Пермскім краі забілі 27-гадовую дзяўчыну і яе 7-гадовую дачку. У забойстве падазраецца баец ПВК «Вагнер»

«50 тысяч памілаваных галаварэзаў». У Расіі амаль палова зэкаў, якія вярнуліся з вайны, вяртаецца за краты, дзе іх зноў вярбуюць

Nashaniva.com