«Сказалі, да канца вайны нават не спрабаваць уехаць». Трэнерку беларускіх фігурыстаў не пусцілі ў Расію

Таццяна Бяляева везла на спаборніцтвы танцавальны дуэт. Беларускіх спартоўцаў прапусцілі, а вось трэнеру выпісалі паперу аб «выдварэнні».

23.10.2024 / 22:19

Таццяна Бяляева. Фота з сацсетак

Танцоры на лёдзе Вікторыя Пласконная і Уладзіслаў Сыцік ехалі ў Магнітагорск на Гран-пры Расіі па фігурным катанні. Аднак выступаць беларускім спартсменам прыйдзецца без трэнера-Таццяну Бяляеву не прапусцілі ў Расію ў «Шарамеццева».

Усё таму, што трэнерка з'яўляецца грамадзянкай Украіны. Бяляева пераехала з Адэсы ў Беларусь у 2005 годзе, жыве ў краіне па дазволе на жыхарства. Трэнерка выхавала многіх беларускіх танцораў на лёдзе, якія дамагаліся поспехаў на юніёрскім узроўні, піша «СЭ».

Бяляева праз ранейшы досвед ведала, што ўкраінцаў доўга правяраюць на мяжы, таму каманда вырашыла выехаць на некалькі дзён раней. Летась пасля дбайнай праверкі Таццяну ў Расею пусцілі. Гэтым разам трапіць на спаборніцтвы Бяляевай не ўдалося.

«Фігурысты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца. А мяне ў гэтым годзе наогул не прапусцілі! Ну і навошта ў гэтай сітуацыі казаць, што спорт па-за палітыкай, калі ляціць трэнер з дэлегацыяй, са спартсменамі, з камандзіровачным пасведчаннем і квіткамі назад, з запрашэннем ад расійскага боку і маецца дазвол на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь?

Пратрымалі мяне сем гадзін у аэрапорце, выдалі паперу аб «выдварэнні» з тэрыторыі Расіі. Слова то якое! Дзякуй, што ў расейскім фігурным катанні ёсць сябры і маіх дзяцей не кінуць у гэтай складанай для іх сітуацыі», — расказала Бяляева.

Памежнікі параілі трэнерцы не ездзіць у Расію.

«Мне было сказана, што да заканчэння СВА нават не спрабуйце ўязджаць у Расію, гэта бескарысна.

Я перажыву, але спартсмены ў гэтай сітуацыі пакутуюць больш за ўсё, а ў іх цяпер і так складаны перыяд. Калі ўсё пачыналася ў 2022-м, мне паступалі прапановы папрацаваць за мяжой на Захадзе, з'ехаць — але я, як чалавек, адданы сваёй справе і спартсменам, засталася тут, каб працягваць займацца развіццём танцаў на лёдзе ў Беларусі. У і без таго складанай абстаноўцы пакідаць спартсменаў без падтрымкі настаўніка няправільна», — заявіла Бяляева. 

Яна адзначыла, што расейцы «не там шукаюць ворагаў» і паабяцала звярнуцца да функцыянераў, каб яны развязалі гэтую праблему.

Грамадзяне Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны маюць права ўязджаць у Расію толькі праз паветраны пункт пропуску ў маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева». Там іх чакае доўгі допыт, праверка тэлефонаў і іншыя фільтрацыйныя мерапрыемства. Рашэнне, ці пускаць украінца ў Расію, прымае канкрэтны сілавік, які праводзіць праверку.

Nashaniva.com