Стылёвы будынак у Шабанах атрымаў гран-пры міжнароднага конкурсу

Яго пабудавала вядомая беларуская кампанія, якую падазраюць у абыходзе эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

23.10.2024 / 19:36

Шматфункцыянальны комплекс Alutech у СЭЗ «Мінск». Фота: VIASET

На мінулым тыдні ў Ерэване былі вызначаны пераможцы XXXII Міжнароднага агляду-конкурсу Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА).

Гран-пры і «залаты медаль» сярод рэалізаваных пабудоў былі прысуджаны шматфункцыянальнаму комплексу Alutech у Мінску.

Яго спраектавала беларускае бюро VIASET (архітэктары Дражын, Герус, Рахманько, Нікіценка, Міцько, Пятроўскі, Пішчалаў) у партнёрстве з нямецкай кампаніяй Architekten Wannenmacher + Möller GmbH (архітэктар Ваненмахер). 

Таксама аўтарскі калектыў за гэты рэалізаваны праект будзе прадстаўлены да ўзнагароджання залатым медалём Міжурадавага савета краін СНД па супрацоўніцтве ў будаўнічай дзейнасці «За найлепшае архітэктурна-будаўнічае рашэнне».

Праект, прадстаўлены на конкурсе МАСА. Фота: МАСА

Alutech — вядучы вытворца алюмініевых профільных сістэм у СНД і адзін з лідараў рынку ралетных сістэм і секцыйных варот у Еўропе. Без прадукцыі кампаніі абыходзіцца мала які прамысловы праект у Беларусі. 

Новы комплекс Alutech, плошча якога складае 8500 м2, размясціўся ў прамысловай зоне па вуліцы Сяліцкага, якая ўваходзіць у Свабодную эканамічную зону «Мінск». Ён пабудаваны па тэхналогіі хуткага ўзвядзення стальных будынкаў ASTRON. 

Комплекс складаецца з некалькі аб'ёмаў: экспазіцыйнага цэнтра, эксперыментальна-вытворчай часткі і адміністрацыйнага блока.

Шматфункцыянальны комплекс Alutech у СЭЗ «Мінск». Фота: VIASET

Самі аўтары называюць свой праект яркім прыкладам прамысловай эстэтыкі, але ў рашэнні галоўнага фасада цяжка ўвогуле пазнаць прамысловы будынак. Такі выгляд хутчэй характэрны для культурна-грамадскага цэнтра ў якой-небудзь заходнееўрапейскай сталіцы.

У рашэнні фасада выкарыстаны мінімалістычныя сродкі архітэктурнай выразнасці, характэрныя для мадэрнізму. У абліцоўцы выкарыстаны панэлі, якія імітуюць светлы камень. Фасад падзелены на дзве няроўныя часткі. Правая мае суцэльнае зашкленне, часта і наўмысна нудна члянёнае вертыкальнымі рэбрамі, якія ў перспектыўным успрыманні, дзякуючы сваёй вялікай глыбіні, паступова замяшчаюць люстраную паверхню шкла.

На кантрасце зроблена левая частка, дзе ў заглыбленні з шырокімі скосамі, знаходзіцца галоўны ўваход. Рэбры, якія візуальна падтрымліваюць дах, размешчаны па ламанай крывой, што стварае эфект хвалі. Гэтыя вертыкальныя элементы працягваюцца ў адлюстраванні воднай роўнядзі дэкаратыўнага басейна. 

Alutech і санкцыі

У сакавіку гэтага года «Бюро» сумесна з нямецкім выданнямі Paper Trail Media і Manager Magazin выпусцілі расследаванне пра тое, што кампанія Alutech абыходзіць санкцыі і пастаўляе ў Еўрасаюз падсанкцыйную прадукцыю. Робіць яна гэта праз сваю расійскую кампанію і чэшскі лагістычны цэнтр. 

Сутнасць у тым, што праз тыдзень пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Еўрапейскі саюз забараніў увозіць з Беларусі многія важныя тавары. Так холдынг «Алютэх» пазбавіўся магчымасці пастаўляць у краіны ЕС панэлі, вароты і дзверы са сталі.

Неўзабаве набыла моц забарона і на імпарт металургічнай прадукцыі з Расіі, але панэлі, вароты і дзверы са сталі не падпалі пад новыя абмежаванні ЕС. То-бок, з Беларусі некаторую прадукцыю «Алютэха» ў ЕС вывозіць ужо было нельга, а вось Расію забарона не закранула.

«Алютэх» скарыстаўся гэтым пралазам, але яго дзейнасць па абыходзе санкцый зацікавіла праваахоўныя органы ў Еўрасаюзе і Вялікабрытаніі. Праўда, пакуль расследаванне было спынена праз адсутнасць дастатковых падазрэнняў.

Беларускі мільянер Жукаў прадаў «Алютэх» немцам

Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА

Лебядзіны ўшчыльняць загадкавым шматпавярховікам

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Ф. Раўбіч