Шматдзетная гамяльчанка так хацела пабачыцца з каханым расійскім зэкам, што падрабіла пасведчанне аб шлюбе

Жанчыне ўдалося дабіцца працяглага спаткання за тысячу кіламетраў, але потым узніклі праблемы.

23.10.2024 / 16:30

У Расіі шматдзетную гамяльчанку судзілі за падробку дзяржаўнага дакумента. На злачынства яна пайшла дзеля кахання: ёй вельмі хацелася дамагчыся спаткання са зняволеным расійскай калоніі ў Пензенскай вобласці.

Падрабязнасці гісторыі расказалі «Моцныя навіны». Сужыхар 30-гадовай гамяльчанкі Юліі адбываў 13-гадовы тэрмін за незаконны абарот наркотыкаў у Сярдобску — там знаходзіцца лячэбна-папраўчая ўстанова для зняволеных, якія захварэлі на сухоты.

Пара не аформіла адносіны афіцыйна, таму шанцаў на доўгатэрміновае спатканне ў Юліі не было. Але маці траіх дзяцей пайшла на хітрасць. Яна спампавала з інтэрнэту незапоўнены бланк пасведчання аб шлюбе, ўнесла ў яго свае даныя і даныя каханага, а затым раздрукавала паперу на каляровай друкарцы. Так у яе атрымалася падробленае пасведчанне, нібыта выдадзенае ЗАГСам у падмаскоўных Хімках.

З гэтым пасведчаннем гамяльчанка адправілася ў калонію. Прычым на КПП нічога не западозрылі і прапусцілі Юлію на тэрыторыю, пары далі належнае трохдзённае спатканне. Але падман раскрыў адзін з супрацоўнікаў калоніі — ён зазірнуў у асабістую справу зняволенага, дзе ніякіх згадак пра «жонку» не было. Прыгледзеўшыся да пасведчання Юліі, ён зразумеў, што дакумент падроблены.

На гамяльчанку завялі крымінальную справу аб падробцы афіцыйнага дакумента, які надае правы, у мэтах яго выкарыстання. Ёй пагражала да двух гадоў пазбаўлення волі, аднак Юліі пашанцавала з суддзёй. Той улічыў, што ў жанчыны трое дзяцей, двое з якіх непаўналетнія, і прызначыў ёй усяго толькі штраф у 50 даляраў. Больш за тое, працэсуальныя выдаткі, якія звычайна пакрывае асуджаная, былі пакрытыя за кошт бюджэту, таксама як і паслугі адваката Юліі.

Nashaniva.com