Украінскія вайскоўцы пацвердзілі расійскі прарыў каля Часавага Яра

Расіяне змаглі ўклініцца ва ўкраінскую лінію абароны ў раёне горада Часаў Яр у Данецкай вобласці, паведаміў прадстаўнік прэс-службы 24-й асобнай механізаванай брыгады Іван Петрычак у эфіры тэлемарафона 22 кастрычніка.

22.10.2024 / 14:46

«На жаль, ворагу ўдалося ўклініцца ў нашу лінію абароны, але аб крытычным правале і страце Часавага Яра размова не ідзе. Цяпер працягваюцца моцныя баі», — заявіў Петрычак.

Ён зазначыў, што сітуацыя напружаная і была такой на працягу апошняга месяца. Не было дня, калі б расіяне не спрабавалі штурмаваць.

Інфармацыю пра тое, што расіяне прарвалі абарону Часавага Яра, паведаміў учора BILD. 

Выданне адзначала, што расіяне некалькі месяцаў не маглі перайсці канал Северскі Данец — Данбас на ўсходзе, аднак у пятніцу чачэнскі авангард фарсіраваў яго і прасунуўся на 2,5 км на захад уздоўж паўднёвай ускраіны Часавага Яра.

«Пасля пяці месяцаў жорсткіх баёў расійская армія прарвала ўкраінскі фронт на поўдзень ад Часавага Яра і паставіла свой сцяг на прамысловым будынку ў 2,5 км за каналам. Бачныя расійскія салдаты, якія падымаюцца на будынак і рыхтуюць там плацдарм», — напісала выданне.

Часаў Яр знаходзіцца на пануючай вышыні. Украінскія эксперты адзначалі, што захоп Часавага Яра адкрые дарогу расійскім войскам на Краматорск і Славянск.

Nashaniva.com