Мітрапаліт Веніямін назваў адну з першых спраў Грамадскай рады па маральнасці — адмянілі спектакль, які паказвалі 10 гадоў

Адмена тэатральнай пастаноўкі «Каханкі майго мужа» стала «адной з першых спраў» Рады па маральнасці, заснаванай Беларускай праваслаўнай царквой і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Такі падарунак Рады жанчынам да Дня маці. 

22.10.2024 / 08:56

Як расказаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, 14 кастрычніка «ў дзень Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы і Дзень маці жонкам і маці прапаноўвалі зрабіць падарунак, запрасіўшы іх на пастаноўку з назвай «Каханкі майго мужа».

Спектакль у выніку быў адменены.

«Добра, што ёсць добрае ўзаемадзеянне (і яно, я думаю, будзе толькі ўдасканальвацца) паміж міністэрствамі і ведамствамі, якія так ці інакш могуць уплываць на развіццё працэсаў у грамадстве», — сказаў мітрапаліт.

На яго думку, «неабходна паказваць на спакусы, якія здольныя пашкодзіць неакрэплыя душы падрастаючага пакалення, а, калі трэба, і агароджваць ад іх».

Рада па маральнасці была створана ў 2009 годзе і аднавіла сваю дзейнасць у лістападзе 2023 года. У склад абноўленай рады ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, творчай інтэлігенцыі, культуры, навукі, адукацыі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы, лідары грамадскай думкі, піша БелТА. 

Спектакль «Каханкі майго мужа» ішоў не толькі ў Мінску, але і абласных гарадах. Яго паказвалі больш за 10 гадоў. У афішах пазначана, што гэта сямейная камедыя ў дзвюх дзеях. 

Nashaniva.com