«Пераліванне крыві» змяняе рынак працы ў Беларусі. Нізкакваліфікаваных работнікаў дэфіцыт, высокакваліфікаваныя вяртаюцца

«Наша Ніва» распытала трох уласнікаў бізнэсаў з Мінска і рэгіёнаў пра сітуацыю на рынку працы. 

26.10.2024 / 17:14

Усе, хто мае патрэбу ў нізкакваліфікаванай працоўнай сіле, называюць сітуацыю з кадрамі складанай. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

У Беларусі рэкордна нізкае беспрацоўе — 3%. Гэтая лічба меншая за нармальную. У нізкім беспрацоўі нічога добрага няма, яно разганяе інфляцыю: канкурэнцыя за кадры гоніць уверх заробкі і, адпаведна, сабекошт прадукцыі і паслуг.

Па некаторых рабочых спецыяльнасцях медыянныя заробкі за год скокнулі на траціну. 

У першым паўгоддзі 2024 колькасць свабодных працоўных месцаў (160,6 тысяч) перабольшвала колькасць афіцыйных беспрацоўных (141,7 тысяч). Попыт на кадры з працоўнымі спецыяльнасцямі складае 67% ад агульнай колькасці вакансій, большасць з тых, хто звяртаецца ў службу занятасці, хутка ўладкоўваецца. 

Партал rabota.by звяртае ўвагу, што ў 2024 годзе колькасць вакансій на сайце не апускаецца ніжэй за 36 тысяч. А толькі за першыя два кварталы 2024 (у параўнанні з пачаткам года), рост вакансій у такіх сферах як будаўніцтва, рабочы персанал, турызм, перавозкі, склаў +36,3%, +35%, +34,6%, +32,8% адпаведна. 

Як усё гэта бачыцца не ў лічбах, а на ўзроўні ўспрымання кіраўнікоў бізнэсу? Пра гэта «Наша Ніва» апытала трох уласнікаў бізнэсаў з інтарэсамі ў розных галінах. 

Будаўнічы сектар, прамысловасць, лагістыка — усе, хто мае патрэбу ў нізкакваліфікаванай працоўнай сіле, называюць сітуацыю з кадрамі складанай.

«Тыя, хто раней быў гатовы працаваць фактычна за ежу, цяпер круцяць насамі і просяць высокіх заробкаў. Але нават на добрыя заробкі людзей фізічна не хапае», — кажа адзін з бізнэсменаў. 

Чаму так адбываецца? Сярод прычын называюць палітычную эміграцыю, скарачэнне насельніцтва і спыненне прытоку працоўнай сілы з Украіны. Але асабліва — ператок рабочых у Расію.

Расіяне ідуць на фронт, там вялізныя выплаты, і, каб іх утрымаць, працадаўцы павышаюць заробкі. Усё большыя заробкі і патрэбы ў Расіі высмоктваюць туды нізкакваліфікаваную сілу і з Беларусі. 

Недастачу работнікаў кампенсуюць рабочымі з Цэнтральнай Азіі. 

«Не выключаю, што будуць дамаўляцца аб прыездзе рабочых з Паўночнай Карэі, — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». — У сярэдзіне 2010-х, перад Еўрапейскімі гульнямі, паўночнакарэйскіх будаўнікоў прывозілі, а цяпер такі варыянт сур'ёзна прапрацоўваюць заводы». 

Пры гэтым апытаныя намі бізнэсмены адзначаюць, што з высокакваліфікаванай працоўнай сілай такой вострай праблемы няма. Гэта датычыць як ІТ, так і іншых сфер. 

«Сапраўдных геніяў мы выносім за дужкі, іх заўсёды мала. А калі браць у сярэднім, то сітуацыя палепшала проці 2021—2022 гадоў. Падрасло новае пакаленне, якое замяніла тых, хто выехаў», — сказаў адзін з прадпрымальнікаў. 

Другі суразмоўца дадае ў фактары ўплыву зваротную міграцыю. 

«Калі для рабацягі пераезд у Еўропу — гэта магчымасць пажыць па-людску, то для прадстаўніка сярэдняга класа — падзенне ў дабрабыце, з улікам таго, што тут у яго ёсць жытло, а там трэба здымаць.

Тыя людзі, якія беглі не ад канкрэтнай пагрозы, а на эмоцыях, сутыкаюцца з рэальнасцю і вяртаюцца. Да мяне вярнулася некалькі інжынераў, якія раней выехалі, але не змаглі арганізаваць побыт у ЕС, — расказвае бізнэсовец. — Яны не былі ў вышуку, таму вырашылі рызыкнуць і вярнуцца», — дадаў кіраўнік адносна вялікай ІТ-кампаніі. 

Трэцім фактарам на рынку працы называюць вялікую колькасць адукаваных былых бюджэтнікаў, якіх звольнілі па палітычных матывах. 

«Яны ніколі не працавалі ў прыватным сектары, баяліся туды ісці, але цяпер лёс іх сам выкінуў, і мы іх падбіраем.

Чакаем таксама, што перад выбарамі пройдуць вялікія чысткі і на вялікіх прыватных прадпрыемствах, бо такія спісы рассылаюцца ўжо масава. У спісах там дзясяткі, у вялікіх арганізацыях — сотні прозвішчаў на звальненні. Я так разумею, што ў наступным годзе ў нас будзе свайго роду пераліванне крыві, памяняемся супрацоўнікамі», — з сумнай іроніяй дадае яшчэ адзін суразмоўца «Нашай Нівы». 

Nashaniva.com