Кітай уводзіць кантроль над экспартам тавараў падвойнага прызначэння на фоне вайны ва Украіне

Улады Кітая пайшлі на такі крок з-за ўвядзення санкцый ЗША супраць некалькіх кітайскіх кампаній за пастаўку Расіі беспілотнікаў і іншай вайсковай дапамогі.

21.10.2024 / 18:11

Фота: Eric Risberg / AP

Улады Кітая ўводзяць з 1 снежня экспартны кантроль за пастаўкамі прадукцыі, якая можа быць выкарыстаная ў вайсковай прамысловасці іншых краін. Новыя патрабаванні рэгулююць абмежаванні і парадак выдачы ліцэнзій на пастаўкі за мяжу «прадметаў, якія маюць як цывільнае, так і вайсковае прымяненне, альбо дапамагаюць павысіць вайсковы патэнцыял», — напісана на афіцыйным сайце кітайскага ўрада.

Паводле новых правіл, кітайскія ўлады складуць падрабязны спіс тавараў, якія падпадаюць пад абмежаванні, і абавяжуць экспарцёраў раскрываць даныя пра канчатковых атрымальнікаў прадукцыі і меркаваную сферу яе выкарыстання. Гэтыя меры накіраваныя на «абарону нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў, садзейнічанне глабальнаму супрацоўніцтву ў галіне нераспаўсюджання зброі, а таксама на ўзмацненне і стандартызацыю кантролю над экспартам тавараў падвойнага прызначэння».

Як паведамляе тэлеканал CNBC, урад Кітая пайшоў на такі крок на фоне ўзмацнення санкцый ЗША, накіраваных супраць кітайскіх кампаній, якія, па інфармацыі Белага дому, пастаўлялі тавары падвойнага прызначэння, такія як беспілотнікі, для дапамогі расійскай агрэсіі ва Украіне.

Пры гэтым, на думку экспертаў CNBC, Расія хутчэй за ўсё будзе вызваленая ад магчымых абмежаванняў кітайскага экспартнага кантролю, а сам Кітай уводзіць кантроль дэманстратыўна, бо быў схоплены за руку і спрабуе даказаць, што не парушае міжнародныя нормы.

17 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША дадало ў спіс санкцый дзве кітайскія кампаніі, сцвярджаючы, што яны датычныя да вытворчасці расійскіх ударных дальнабойных дронаў «Гарпія».

МЗС Кітая ў адказ на гэта заклікала ЗША «неадкладна спыніць выкарыстанне ўкраінскага пытання для дыскрэдытацыі і ціску на Кітай, а таксама безразборна ўводзіць незаконныя аднабаковыя санкцыі супраць кітайскіх юрыдычных і фізічных асоб».

У верасні намеснік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбел першым заявіў, што Кітай непасрэдна дапамагае расійскай вайсковай машыне, падтрымліваючы яе намаганні па вядзенні вайны супраць Украіны.

ЗША неаднаразова засцерагалі Кітай ад падтрымкі расійскай абароннай прамысловасці і ўвялі сотні санкцый, накіраваных на абмежаванне магчымасцяў Масквы выкарыстоўваць пэўныя тэхналогіі ў вайсковых мэтах.

Маштабы кітайскага шпіянажу ашаламляюць заходнія ўрады — The Wall Street Journal

Прэзідэнт Тайваня прапанаваў Кітаю адабраць у Расіі землі на Далёкім Усходзе

Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем

Nashaniva.com