Беларусам замест тураў па Еўрасаюзе прапануюць паездкі ў Смаленск, Пскоў і Калугу

Новыя аўтобусныя туры па рэгіёнах Беларусі і Расіі збіраюцца запусціць у красавіку 2025 года.

21.10.2024 / 14:55

Ілюстрацыйнае фота

Турыстычныя кампаніі Беларусі і Расіі збіраюцца стварыць альтэрнатыву папулярным у беларусаў аўтобусным турам па краінах Еўрасаюза.

У новы праект увайшлі 11 рэгіёнаў Беларусі і Расіі — Ніжагародская, Уладзімірская, Маскоўская, Смаленская, Цвярская, Пскоўская, Калужская і Ноўгарадская вобласці Расіі, а таксама Мінская, Магілёўская, Віцебская вобласці Беларусі.

Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы лічыць, што такі «прадукт», як аўтобусныя туры, «адпавядае культуры спажывання дзвюх краін», піша Sputnik.

«Мы прымяняем аналагі аўтобусных тураў па Еўропе, такі прадукт адпавядае турыстычнай культуры спажывання нашых краін. А ў доўгатэрміновай перспектыве – і трэціх краін», — лічыць Гулы.

Пры гэтым ён прызнае, што камерцыйны патэнцыял такіх тураў не занадта высокі — падобны прадукт здольны сабраць турыстаў «толькі на дзясятак-паўтара аўтобусаў у год». Аднак Гулы бачыць перавагу ў «каскадным прынцыпе» — гэта значыць, што турысты могуць пачаць і скончыць тур у любой пажаданай кропцы.

Гулы лічыць, што 11 рэгіёнаў, пра якія ідзе гаворка ў праекце, «звязаныя паслядоўнай гісторыяй, міфалогіяй, этнасам і культурай». Падарожжа ён называе «парынаннем у серыял уласных, айчынных каранёў, якія раскрываюць сэнс і значэнне нашага саюза, яго асноў».

«Ніжні Ноўгарад, Уладзімір, Калуга, Смаленск, Магілёў, Мінск, Полацк, Віцебск, Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Таржок, Цвер — турысты змогуць далучыцца на розных этапах маршруту на пэўную колькасць дзён, камбінуючы гарады, рэгіёны і лагістыку», — адзначыў ён.

Да рэалізацыі праекту збіраюцца прыцягваць чыноўнікаў і інвестараў.

Nashaniva.com