«Заціснула ў палаючым аўто». У страшным ДТЗ загінуў Віталь Прыхач, адзін з апошніх незалежных дэпутатаў

дапоўнена

Яму было 46 гадоў. 

21.10.2024 / 13:21

У аўтакатастрофе трагічна загінуў Віталь Прыхач, сябра Руху «За Свабоду» з Белаазёрску, паведаміў Юрый Губарэвіч. Віталь Прыхач быў актыўным удзельнікам каманды дэмакратычных дэпутатаў, якія ў 2003 годзе выйгралі выбары ў Белаазёрску.

«Крэатыўны і энергічны, Віталь ніколі не губляў надзеі і заўсёды заставаўся верны сваім каштоўнасцям і перакананням.

Нам будзе вельмі яго не хапаць», — напісаў Губарэвіч.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Віталь на сваім Chevrolet трапіў у ДТЗ 16 кастрычніка: не даўшы рады кіраванню, ён з’ехаў на машыне ў кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Пасля гэтага аўто загарэлася. Віталь не змог выбрацца і на месцы сканаў у палаючым аўто ад атрыманых пашкоджанняў.

Менавіта пра гэта страшнае здарэнне раней паведамлялі ў ДАІ. Аварыя адбылася на аўтадарозе Алекшыцы — Ваўкавыск — Пружаны паблізу вёскі Поразава, што ў Свіслацкім раёне.

На месцы таго ДТЗ. Фота: brestcity.com

17 кастрычніка Віталя пахавалі. У яго засталося двое дзяцей.

Па факце здарэння праводзіцца праверка СК.

Nashaniva.com