Лукашэнка зноў патрабуе прывесці ў парадак дарогі ў раённых цэнтрах

Аляксандр Лукашэнка патрабуе прывесці ў парадак дарогі паміж раённымі цэнтрамі і аграгарадкамі. Такую задачу ён паставіў 21 кастрычніка, заслухоўваючы даклад па пытаннях развіцця дарог і транспартнай інфраструктуры, перадае БЕЛТА.

21.10.2024 / 13:12

Лукашэнка на адмысловай нарадзе адзначыў, што аўтамабільныя дарогі не абмяжоўваюцца міжнароднымі і рэспубліканскімі трасамі.

«Нам трэба раённыя цэнтры звязаць з аграгарадкамі — найважнейшае пытанне, калі мы хочам, каб людзі ў вёсцы жылі і не былі пакрыўджаныя. Яны гэтага заслугоўваюць. Таму ў гэтай вялікай праграме трэба прадугледзець будаўніцтва дарог ад раённых цэнтраў да ўсіх аграгарадкоў. З аграгарадкамі на працягу года мы вызначымся, дзе яны будуць і якія (бо ідзе аб'яднанне гаспадарак і гэтак далей), і будзем будаваць гэтыя дарогі», — сказаў ён.

Лукашэнка рэгулярна аддае загад прывесці дарогі ў парадак. Напрыклад, 24 красавіка 2023 года ён даручыў прывесці ўсе дарогі краіны ў належны стан да канца года, «чаго б гэта ні каштавала». 

Nashaniva.com