Юлія Навальная заявіла пра намер балатавацца ў прэзідэнты Расіі

Удава расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які загінуў у калоніі за Палярным кругам 16 лютага 2024 года, Юлія Навальная заявіла пра намер балатавацца. Пра гэта яна сказала ў інтэрв'ю BBC, прымеркаваным да выхаду мемуараў Навальнага «Патрыёт», якія ён пісаў да сваёй смерці ў зняволенні.

21.10.2024 / 11:45

Скрын відэа BBC

У інтэрв'ю BBC Навальная гаворыць, што паспрабуе зрабіць тое, што не змог яе муж: удзельнічаць у выбарах прэзідэнта Расіі.

«Мяне падтрымлівае шмат людзей, і я хачу ў адказ падтрымаць іх. Многія прыхільнікі Аляксея былі вымушаныя з'ехаць з Расіі, але мільёны — засталіся. Яны жывуць ва ўмовах моцнага ціску і рэпрэсій, але мне вельмі важна падтрымліваць з імі сувязь», — сказала яна.

Паводле слоў Навальнай, цяпер яе мэта «наблізіць і зрабіць магчымымі перамены ў краіне».

«Калі я вярнуся ў Расію, я пайду на выбары кандыдатам у прэзідэнты», — заявіла ўдава Навальнага.

Але пакуль Уладзімір Пуцін застаецца ва ўладзе, вяртанне ў Маскву «на жаль, немагчыма», лічыць Юлія. Яна нагадвае, што не змагла прыехаць у свой родны горад нават на пахаванне мужа, баючыся арышту.

Nashaniva.com