«Я фатограф і шукаю мадэляў». Новы развод ад ашуканцаў у тэлеграме 

Ашуканцы пастаянна ўдасканальваюць метады апрацоўкі патэнцыйных ахвяр. Папулярны прыём апошняга часу: паведамленне ад імя добрага знаёмага ў тэлеграме з просьбай даць грошы. Падвох складана заўважыць, бо вам хутчэй за ўсё напішуць з яго сапраўднага акаўнта, а ў пацвярджэнне яшчэ скінуць галасавое паведамленне са, здавалася б, сапраўдным голасам сябра.

21.10.2024 / 10:44

А як яны атрымліваюць доступ да акаўнта? Напрыклад, рассылаючы паведамленні-хітрыкі. Нядаўна іх атрымалі адразу некалькі чытачоў Newgrodno.by, піша выданне. 

«Добры дзень! Я пачатковец фатограф, шукаю мадэляў на бясплатную фотасесію для паляпшэння свайго партфоліа, мне карысна і вам прыемна, я дапамагу вам падабраць выяву і лакацыю, ад вас патрабуецца толькі добры настрой і прысутнасць. Што скажаце?» — гаворыцца ў паведамленні. 

Далей фатограф прапануе паглядзець яго работы і ацаніць іх. Для гэтага дастаткова перайсці па спасылцы.

«Але як толькі вы гэта зробіце, то доступ да вашага акаўнта атрымаюць ашуканцы. Далей яны паспрабуюць з дапамогай штучнага інтэлекту згенераваць ваш голас. Пасля гэтага пачнуць «даіць» спіс кантактаў ад вашага імя. Схема далей стандартная, маўляў, дапамажы грашыма тэрмінова. Хто-небудзь ды і адгукнецца», — распавядае адна з чытачак Newgrodno.by.

Яна перайшла па ссылцы і вельмі пра гэта пашкадавала.

Nashaniva.com