Інтрыга захоўваецца на выбарах і рэферэндуме ў Малдове
абноўлена
Вёска прагаласавала на рэферэндуме па інтэграцыі ў ЕС «супраць», але галасы Кішынёва і дыяспары могуць усё змяніць. Таксама пакуль няясна, з якім адрывам перамагае Мая Санду.
21.10.2024 / 00:10
Мая Санду. Фота: інстаграм Санду
Прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб уступленні Малдовы ў ЕС прайшлі ў нядзелю 20 кастрычніка.
Дзейны прэзідэнт Мая Санду перамагае. Па выніках апрацаваных 98% бюлетэняў, за яе прагаласавала 42% выбарцаў, за яе асноўнага суперніка Аляксандра Стаяногла — 26%. Будзе другі тур выбараў.
Па рэфэрэндуме пра ЕС ЦВК апрацаваў 98% бюлетэняў. Рух у ЕС падтрымала 49,94% выбарцаў, супраць выказалася 50,06%.
Засталося апрацаваць бюлетэні замежжа, што азначае: «за» ЕС, хутчэй за ўсё, атрымае невялікую перавагу. А адрыў Санду яшчэ трохі вырасце.
Па меры падліку галасоў Кішынёва і дыяспары, «за» выйшла наперад. Скрыншот з сайта ЦВК Малдовы
Выбаршчыкі атрымлівалі два бюлетэні. Першы, шэрага колеру, з пералікам кандыдатаў у прэзідэнты. А другі, фіялетавы, з тэкстам паправак у Канстытуцыю і пытаннем аб тым, ці падтрымліваюць яны змяненне Канстытуцыі з мэтай далучэння Малдовы да ЕС.
Згодна з данымі ЦВК, прагаласавала 51,5% выбарцаў.
Каб галасаванне было прызнана сапраўдным, трэба было пераадолець парог выбарчай яўкі ў 33%.
На пост прэзідэнта прэтэндавала 11 кандыдатаў. Новым кіраўніком краіны стане той, хто набярэ абсалютную большасць галасоў. Калі ніхто не заручыцца такой падтрымкай, то праз два тыдні праводзіцца другі тур прэзідэнцкіх выбараў.