Экс-мэр Уладзівастока, які атрымаў 15 гадоў калоніі, паедзе ваяваць супраць Украіны. Яго пераемнік на пасадзе мэра ўжо на фронце

Ігар Пушкароў завербаваўся ў расійскую армію з калоніі. Крыху раней на фронт адправіўся іншы экс-мэр Уладзівастока Алег Гумянюк.

20.10.2024 / 17:12

Ігар Пушкароў. Фота: Wikimedia Commons

Былы мэр Уладзівастока Ігар Пушкароў, які атрымаў 15 гадоў калоніі за карупцыю, падпісаў кантракт з расійскім Мінабароны і паедзе на вайну супраць Украіны.

Пра тое, што Пушкароў выйдзе з калоніі і паедзе на фронт, паведамілі крыніцы ў асяроддзі экс-мэра і яго адвакат, піша «Коммерсант».

Пушкароў кіраваў горадам з 2008 па 2017 год. Яго арыштавалі, калі ён яшчэ знаходзіўся на пасадзе. У 2019 годзе Цвярскі раённы суд Масквы прызнаў Пушкарова вінаватым у атрыманні, дачы хабару і пасярэдніцтве ў гэтым, камерцыйным подкупе, а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

У ліпені 2022 года Пушкарова зноў судзілі — па справе аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. З улікам першага прысуду экс-мэр атрымаў 15 гадоў і 3 месяцы калоніі строгага рэжыму са штрафам у 5 млн даляраў.

Цікава, што пераемнік Пушкарова на пасадзе мэра Уладзівастока Алег Гумянюк прайшоў па аналагічным маршруце. Ён займаў пасаду ў 2018-2021 гадах, ужо пасля адстаўкі яго затрымалі. У студзені 2023 года Гумянюк атрымаў 16,5 года калоніі і штраф у 1,5 млн даляраў за карупцыю: па даных следства, экс-мэр набраў хабараў на 390 тыс. даляраў.

У зняволенні Гумянюк прабыў нядоўга: у снежні 2023-га ён завербаваўся ў расійскую армію і з'ехаў на вайну.

Nashaniva.com