Міліцыянты стралялі ў сямейнага скандаліста, які пайшоў на іх з бензапілой. Ён у шпіталі

Міліцыю на 31-гадовага пляменніка выклікала 60-гадовая жыхарка Івацэвіцкага раёна. Па інфармацыі МУС, яна паведаміла, што сын збівае сваю маці — яе сястру.

20.10.2024 / 10:52

Скрын міліцэйскага відэа

Калі нарад прыехаў на месца, мужчына выйшаў да іх з працуючай бензапілой.

«На патрабаванні спыніцца не рэагаваў. Супрацоўнік зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў, затым прыцэльны ў нагу», — піша МУС.

На апублікаваным відэа немагчыма разглядзець бензапілу (чуваць яе гук) і няма папераджальнага стрэлу. 

Мужчына шпіталізаваны. 

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Заведзена крымінальная справа за гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com