Васкрасенскі ўладкаваўся на выгадную пазіцыю ў загадкавую кампанію
Ён атрымаў пасаду намесніка дырэктара ТАА «Новая біятэхналагічная кампанія». Што пра гэтае прадпрыемства вядома?
19.10.2024 / 08:52
Скрыншот АНТ
Такія звесткі ўтрымліваюцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі, якім ён надзяліў камісію па вяртанні пры Генеральнай пракуратуры новымі паўнамоцтвамі. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, звярнуў увагу Reform.news.
Указам не толькі пашыраны паўнамоцтвы камісіі, але і зменены яе склад, а таксама пасады ўдзельнікаў. Цяпер у камісію замест былога кіраўніка МЗС Алейніка ўключаны Максім Рыжанкоў, а замест Франскевіча дададзены Андрэй Самбук — намеснік кіраўніка КДК — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
Раман Пратасевіч у складзе камісіі так і не з'явіўся.
Пасада Васкрасенскага таксама зменена на актуальную. Раней ён прадстаўляўся як дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл».
ТАА «Новая біятэхналагічная кампанія», дзе цяпер працуе Васкрасенскі, не зусім простая кампанія. У яе ёсць ліцэнзіі на вытворчасць алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, нехарчовага этылавага спірту і тытунёвых вырабаў і на аптовы гандаль ды захоўванне алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, нехарчовага этылавага спірту і тытунёвых вырабаў.
У апісанні ліцэнзіі гаворыцца, што прадпрыемства мае права выпускаць шкламой, а таксама віскавыя і каньячныя дыстыляты.
Кампанію зарэгістравалі ў ліпені 2021 года. Цяпер ёй валодаюць Дзмітрый Саханчук (45%), Васіль Варфаламееў (22,5%) і Міхаіл Стаянаў (22,5%). Стаянаў таксама пазначаны як дырэктар фірмы.
Быў у складзе заснавальнікаў з 12 студзеня 2022 года і Андрэй Карповіч (10%), але 20 чэрвеня 2024 года яго долю выкупіла сама ТАА «Новая біятэхналагічная кампанія».
Андрэй Карповіч вядомы пад мянушкай «Руды» — гэта правая рука Дзмітрыя Лукашэнкі па «Прэзідэнцкім спартыўным клубе». Мае рэпутацыю «рашалы». Якраз з яго прыходам ТАА атрымала ліцэнзіі.
Дырэктар Міхаіл Стаянаў (альбо яго поўны цёзка) вядомы як чэпкі бізнэсмэн. У свой час ён умацаваў свае перагаворныя пазіцыі дзякуючы сумна вядомаму Дзмітрыю Паўлічэнку, якому дапамагаў, у тым ліку і ў справе медцэнтра «Сёмае неба».
Яшчэ адзін уласнік — Варфаламееў (Ворфоломеев па-руску) Васіль Васільевіч — гэта, магчыма, саўладальнік «Гіпа» (імя амаль цалкам супадае, саўладальнік сеткі крам — Варфоломеев па-руску). Паведамлялася, што яго нібыта арыштавалі ў лютым 2024 года, пратрымалі ў СІЗА да мая, а затым адпусцілі.
Менш за ўсё інфармацыі пра Дзмітрыя Саханчука — яго поўны цёзка быў з 2013 года (і, магчыма, застаецца) камерцыйным дырэктарам ТАА «Грынойл».