Памёр Генадзь Цыхун

Слыннаму мовазнаўцу было 87 гадоў.

19.10.2024 / 07:47

18 кастрычніка памёр слынны беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Генадзь Цыхун. Яму было 87 гадоў.

Генадзь Цыхун нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 годзе ў в. Кунцаўшчына пад Гродна, быў сынам паэта Апанаса Цыхуна.

Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры» (1958). Вучыўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта, стажыраваўся ў Сафійскім універсітэце.

Затым працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. У 1982 абараніў доктарскую дысертацыю «Тыпалагічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу». 3 1990 года быў загадчыкам аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства.

У 1991—1993 гг. быў старшынёй Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У 1993—1994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы.

Навуковыя інтарэсы: этымалогія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучаў з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы ды інш., напісаў шмат прац.

Так, у працы «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў» (1993) разглядаў праблему арэальнай базы беларускай літаратурнай мовы на фоне іншых славянскіх моў.

Ён меў больш за 300 публікацыяў па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.

Nashaniva.com