Светлагорскі завод зварачных электродаў прызналі банкрутам

Беларускія ўлады спачатку забралі завод ва ўкраінскага інвестара, а цяпер спрабуюць павесіць на яго яшчэ і даўгі прадпрыемства, піша «Флагшток».

18.10.2024 / 19:46

Завод па вытворчасці электродаў у Светлагорску. Фота: arcus.ru

У жніўні Эканамічны суд Гомельскай вобласці прыняў рашэнне распачаць у дачыненні да ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» вытворчасць па справе аб банкруцтве. Падставай паслужыў зварот падатковай інспекцыі Светлагорскага раёна.

Прадстаўніка прадпрыемства, заснавальнікам якога з'яўляецца ўкраінскае акцыянернае таварыства «ПлазмаТэк», на судовым пасяджэнні не было. Наступнае пасяджэнне запланавана на 24 лістапада 2024 года.

Выпіска з раскладу Эканамічнага суда Гомельскай вобласці

З вызначэння суда вядома, што ў дачыненні да прадпрыемства маецца восем выканаўчых вытворчасцяў на агульную суму 18,6 млн BYN, з якіх 11 млн прыпадаюць на плацяжы ў бюджэт. Кошт маёмасці, якое маецца на балансе даўжніка, не называецца.

У той жа час маёмасць, якая раней належала ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў», працягвае выкарыстоўвацца. Сёння ёй валодае ТАА «Амета-Электрод». Прадпрыемства было зарэгістравана ў лютым 2023 года і ўваходзіць у расійскую прамысловую групу Arcus.

Акрамя завода ў Светлагорску, у групу ўваходзяць чатыры расійскія прадпрыемствы, у тым ліку Магнітагорскі электродны завод, спецыялісты якога займаліся паўторным запускам вытворчасці электродаў у Светлагорску.

Скрыншот старонкі сайта прамысловай групы Arcus

На сайце прамысловай групы Arcus сказана, што ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» да моманту набыцця знаходзіўся ў стане банкруцтва. Аднак гэта не так, паколькі працэс банкруцтва завода ў Светлагорску быў запушчаны толькі праз паўтара года.

Аднак прынцыповае рашэнне па лёсе ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» да таго моманту ўжо было прынята. Жаданне адабраць актыў ва ўкраінскага інвестара агучыў Лукашэнка ў снежні 2022 года.

У выніку расійская кампанія атрымала актывы, але не стала правапераемніцай абавязацельстваў ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў». Беларускія ўлады цяпер паспрабуюць іх спагнаць з украінскага інвестара.

ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» з'яўляўся ўласнасцю ўкраінскай групы кампаній «ПлазмаТэк» з 2010 па 2022 год. За гэты час агульны аб'ём інвестыцый украінскага інвестара склаў не менш за 1,4 млн USD.

Светлагорскі завод з'яўляўся ўладальнікам кантрольнага пакета акцый у іншых прадпрыемствах групы кампаній «ПлазмаТэк»: расійскай «Маналіт-Цэнтр», казахскай Monolith KZ і ўзбекскай Monolith Asia. Сукупны ўдзел у статутным капітале гэтых кампаній на пачатак 2021 года перавышаў 2,5 млн USD.

Украінскі ўладальнік нацыяналізаванага завода ў Светлагорску спрабаваў атрымаць кампенсацыю — але не ад Беларусі

Праз вайну ў Светлагорску закрылася прадпрыемства, якое называлі эканамічным цудам рэгіёну. Яго маёмасць распрададуць за даўгі

З аўкцыёну амаль за мільён даляраў прадаюць калісьці знакаміты завод

Nashaniva.com