ЕС узмоцніць кантроль на мяжы з Беларуссю і Расіяй
Краіны Еўрасаюза таксама выступаюць за тэрміновае прыняцце новых правілаў, накіраваных на паскарэнне працэдуры дэпартацыі мігрантаў.
18.10.2024 / 13:39
Лідары краін ЕС па выніках саміту па міграцыі пацвердзілі сваю рашучасць змагацца з выкарыстаннем міграцыі ў палітычных мэтах і абараняць знешнія межы ЕС «усімі даступнымі сродкамі і з павагай да еўрапейскага і міжнароднага права», гаворыцца ў прысвечаным пытаннях міграцыі раздзеле дэкларацыі саміту ЕС, апублікаванай 17 кастрычніка, піша Deutsche Welle.
«Расія і Беларусь, як і любыя іншыя краіны, не павінны злоўжываць нашымі каштоўнасцямі, уключаючы права на прытулак, і падрываць асновы нашай дэмакратыі. Еўрапейская рада выказвае сваю салідарнасць з Польшчай і з дзяржавамі-чальцамі, якія сутыкаюцца з гэтымі выклікамі. Выключныя сітуацыі патрабуюць адпаведных мер. Еўрапейскі савет пацвярджае сваю рашучасць забяспечыць эфектыўны кантроль знешніх межаў Саюза ўсімі даступнымі сродкамі, уключаючы падтрымку Еўрапейскага Саюза, у адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і міжнародным правам. Ён зноў пацвярджае сваю прыхільнасць барацьбе з інструменталізацыяй мігрантаў у палітычных мэтах», — гаворыцца ў дэкларацыі.
Краіны Еўрасаюза таксама выступаюць за тэрміновае прыняцце новых правілаў, накіраваных на паскарэнне працэдуры дэпартацыі мігрантаў.
Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен раней абвясціла аб распрацоўцы новага законапраекта, накіраванага на ўзмацненне жорсткасці існых дырэктыў, а канцлер Нямеччыны Олаф Шольц падкрэсліў, што «незаконная міграцыя павінна быць скарочаная».