Лазерная зброя цяпер на БТРах. Адзін стрэл — мінус адзін дрон
Армія ЗША правяла паспяховыя выпрабаванні высокадакладнай лазернай супрацьдронавай зброі на платформе бронетранспарцёра Stryker. Машыны гэтай мадэлі актыўна выкарыстоўваюцца ў вайне ва Украіне.
17.10.2024 / 19:43
Амерыканскі бронетранспарцёр Stryker, мадыфікаваны новай лазернай супрацьдронавай сістэмай C-UAS. Фота: Leonardo DRS / BlueHalo
Амерыканскія ваенна-прамысловыя кампаніі Leonardo DRS і BlueHalo за восем месяцаў стварылі шматузроўневы супрацьдронавы комплекс C-UAS. У яго склад уваходзяць кіраваны баявы модуль з аўтаматычнай гарматай XM914 і высокадакладныя ракеты APKWS II.
Некінетычная частка сістэмы прадстаўленая эксперыментальнай лазернай гарматай Locust. Яна мае высокую дакладнасць і ўзмоцненую ўдарную магутнасць у 26 кВт. Адна гармата Locust каштуе 10 мільёнаў даляраў (33 мільёны беларускіх рублёў), але кошт аднаго яе стрэлу, які гарантавана знішчае і пашкоджвае беспілотнікі розных памераў і тыпаў, складае ўсяго 3 даляры, перадае выданне Interesting Engineering.
Уся сістэма C-UAS разам з гарматай Locust здольная адсочваць і паражаць любыя БПЛА вагой да 600 кілаграм з дапамогай радара, а таксама падаўляць малыя квадракоптары дзякуючы сродкам радыёэлектроннай барацьбы.
Падчас дэманстрацыі ў мінулым месяцы на палігоне ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка адзін БТР Stryker, мадыфікаваны комплексам C-UAS, паспяхова знішчыў усе беспілотнікі, адначасова ведучы бой з цэлямі на зямлі, адзначае кампанія-распрацоўшчык Leonardo DRS.
Машына, нягледзячы на мадыфікацыю, не страціла здольнасці перавозіць дэсант да 9 чалавек.
Міністр абароны Брытаніі не выключае перадачы Кіеву лазернай зброі
У Аўстраліі прадставілі самую моцную ў свеце партатыўную лазерную зброю супраць дронаў
Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў бачаць па начах незразумелыя зялёныя прамяні. Што гэта такое?