«Чудзянцоў прагне вырашыць пытанне з Nexta»
Днямі на волю выходзіць Уладзімір Чудзянцоў, і Раман Пратасевіч ужо анансаваў магчымую гутарку з ім. «Наша Ніва» даведалася праз крыніцы сярод былых вязняў, чым думае займацца некалі ўплывовы журналіст.
19.10.2024 / 14:39
Уладзімір Чудзянцоў
Як мы даведаліся, Чудзянцоў выходзіць на волю ў кастрычніку.
Чудзянцоў расказваў тым, хто яго атачаў у калоніі №15, што да яго за апошні час некалькі разоў прыязджалі з КДБ. Мэту прыезду ён не ўдакладняў.
У той жа час Чудзянцоў шмат гаварыў пра сваю працу на праекце Nexta. І на волі, кажуць былыя вязні, Чудзянцоў плануе «вырашаць пытанне з Nexta». Што пад гэтым маецца на ўвазе, невядома.
Стваральнік Nexta Сцяпан Пуціла выказаў думку, што разабрацца з праектам улады хочуць, таму што ён вельмі ўплывовы.
Nexta — адзін з самых папулярных беларускіх медыяпраектаў. Найбольшую вядомасць ён набыў у 2020 годзе на хвалі пратэстаў. Праект і цяпер мае вялікую аўдыторыю. Тэлеграм-каналы Nexta і Nexta Live маюць 145 тысяч і 926 тысяч падпісчыкаў адпаведна (першы публікуе беларускія навіны, другі дае больш замежных). У ютубе ў каналаў Nexta і Nexta Live 639 тысяч і 1,66 млн падпісчыкаў.
Наша крыніца звяртае ўвагу, што да Чудзянцова заўважна добра ставіўся начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Былы вязень калоніі кажа, што Чудзянцоў мог у любы час хадзіць да таго на прыём без чаргі, чым і карыстаўся.
Раней іншыя былыя вязні калоніі казалі, што Уладзімір Чудзянцоў супрацоўнічаў з адміністрацыяй. Палітвязні сцвярджалі, што ён займаўся стукацтвам. Як казаў нам былы палітвязень, «калі Чудзянцоў прыносіў аператыўнікам інфармацыю пра нейкага зняволенага, таго адпраўлялі ў ШІЗА мінімум на 5 сутак».
Чудзянцова затрымалі на мяжы з Польшчай у 2019 годзе. Суд прызнаў яго вінаватым у набыцці і захоўванні наркотыкаў без мэты збыту і ў спробе перавозу наркотыкаў праз мяжу, а таксама распаўсюдзе порна загадзя непаўнагадоваму. Некаторыя лічылі яго затрыманне палітычна матываваным. Чудзянцову далі 6,5 года калоніі (але год скінулі па амністыі).
Былы палітвязень пра Чудзянцова: Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі за кратамі