Гісторык Цімох Акудовіч разважае, як прыцягваць людзей да беларускасці і чым тут карысныя рускамоўныя праекты
«Мы не абараняем муры беларушчыны, мы ствараем сілу прыцягнення»
17.10.2024 / 15:31
Гісторык Цімох Акудовіч. Фота: facebook.com / cimafiej.akudovich
Гісторык Цімох Акудовіч у сваім блогу «Менскі час» выказвае прапановы, як пашырыць беларускамоўную прастору. Прыводзім асноўнае з яго эсэ.
Аўтар заўважае, што за межамі Беларусі ўтварылася актыўная беларускамоўная прастора. Ён называе яе «вежай са слановай косткі». Яе брамы адчыненыя, але праблема «вежы» ў тым, што мы не хочам выходзіць з-за ейных сценаў і прапаноўваць нешта людзям звонку.
«Нам утульна ўнутры. Мы гатовыя прымаць, але не гатовыя прыводзіць. Бо той, хто не разумее велічнасць нашай справы, … здраднік? дурань? Мы лічым, што сам факт разрастання беларускай прасторы і ўздыму сценаў нашай вежы будзе прыводзіць у гэту прастору ўсё большую колькасць людзей».
Такая тактыка працуе, але мае абмежаваны эфект, лічыць Акудовіч.
Галоўны выклік для «вежы» — як знайсці шлях да беларусаў, якія знаходзяцца па-за яе межамі, бо менавіта яны «і ёсць тыя, хто будзе вырашаць далейшы лёс Беларусі».
Аўтар ставіць пытанне, як уплываць на мільёны рускамоўных беларусаў «з дзіўным уяўленнем пра беларускасць як пра правінцыйны музей альбо з няведаннем базавых рэчаў пра беларускую культуру і гісторыю» для таго, каб іх прыцягнуць у беларушчыну.
Гісторык прапануе не акрэсліваць строгія межы, якія аддзяляюць беларускамоўную прастору. А замест гэтага ўявіць беларушчыну як энергетычнае поле, у цэнтры якога знаходзіцца беларуская мова і якое прыцягвае людзей на розных узроўнях. У гэтым полі ёсць розныя спектры, дзе людзі, незалежна ад мовы, могуць уносіць свой уклад у фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
Акудовіч упэўнены, што «межы беларускай прасторы, відавочна, праходзяць не там, дзе пачынаецца рускамоўнае, а там, дзе канчаецца сіла прыцягнення беларушчыны».
«Відавочна, што інтэлектуальная дзейнасць у Беларусі цягам XX ст. адбывалася не толькі па-беларуску, часцей нават па-руску. Але менавіта беларушчына была стрыжнем, да якога прывязваліся ўсе тутэйшыя сэнсы. Бо ў іншым выпадку іх перацягвала да сябе ядро Масквы ці Варшавы».
Галоўнае, што беларушчына аб'ядноўвае людзей і дазваляе кожнаму па-свойму ўключацца ў працэс фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, незалежна ад мовы або іншых фактараў, разважае гісторык.
«Беларускае — гэта не тое, што адпавядае нейкім канкрэтным крытэрыям, а тое, што знаходзіцца ў межах прыцягнення беларускага ядра ідэнтычнасці», — падкрэслівае ён.
Ужытая аўтарам метафара пра ядро і поле дапамагае зразумець важнасць беларускамоўнай прасторы для фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацавання беларускай дзяржавы.
«Чым большае ядро, тым мацнейшая нацыянальная ідэнтычнасць, тым большую сілу прыцягнення яна мае і тым мацнейшая дзяржава. А таму ўладкаванне і развіццё гэтай прасторы — звышважная задача для ўсіх беларусаў», — піша Акудовіч.
Ён падкрэслівае важнасць працы з беларусамі, якія знаходзяцца за межамі беларускамоўнага ядра, у рускамоўным спектры. Асабліва гэта важна для прыцягнення тых, хто пакуль што не гатовы да ўключэння ў беларускамоўную культуру.
«Людзям, зусім далёкім ад беларушчыны, патрэбная не беларуская мова, а легітымізацыя самой беларушчыны як з’явы. Ім для пачатку трэба проста ёй зацікавіцца. У таго, хто зацікавіўся беларускай прасторай, у сваю чаргу, патрэбна сфармаваць давер да гэтай прасторы. (…)
Каб павялічваць ядро і ўзмацняць сілу яго прыцягнення нам трэба паглядзець на рускамоўныя праекты, як на карысны інструмент, а не як на здраду», — адзначае Акудовіч.
Рускамоўныя пісьменнікі, блогеры і іншыя стваральнікі кантэнту, якія працуюць у беларускім кантэксце, могуць прыцягваць людзей да беларускасці, будуючы масты паміж перыферыяй і ядром:
«Добры рускамоўны пісьменнік, які піша пра Беларусь, прыцягвае сваіх чытачоў ад перыферыі спектра бліжэй да сябе, а гэта значыць бліжэй да беларускамоўнай прасторы. Менавіта ён можа выцягнуць канкрэтнага беларускага абывацеля ў тое месца, адкуль бачныя бліскучыя зубцы нашай вежы са слановай косткі. І гэта вельмі каштоўна».
У той жа час рускамоўныя праекты могуць ствараць давер да беларускай прасторы і даваць магчымасць людзям зацікавіцца беларускасцю праз зразумелыя і даступныя ім фарматы.
«Зразумела, што не кожны рускамоўны праект вядзе да беларускага ядра, часта бывае наадварот. Але нам вельмі важна наладзіць сваю оптыку так, каб бачыць карысныя праекты па-за межамі нашых муроў беларушчыны», — лічыць аўтар.
У канцы Акудовіч падсумоўвае:
«Трэба, па-першае, памяняць оптыку: мы не абараняем муры беларушчыны, мы ствараем сілу прыцягнення. Па-другое, трэба нарэшце пачаць падыходзіць да гэтай справы прафесійна — працаваць з беларусамі на розных спектрах свайго поля прыцягнення.
(…) Наша мэта — захаваць само поле, каб нам пазней было, што беларусізаваць і з кім будаваць Беларусь будучыні. (…) Перад намі паўстае выбар — схаваўшыся за мурамі беларушчыны, захаваць правільную беларускую Беларусь, але моцна рызыкаваць згубіць Беларусь рэальную».
Вядомы гісторык даў параду тым, каму цяжка пачаць размаўляць па-беларуску
Акудовіч: Беларуская лацінка — вялікая каштоўнасць, але крыху «чамадан без ручкі»