Праўладны канал: Чаму Пратасевіча ўзялі на працу, а беларусаў, якія легальна ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, не бяруць?

Тэлеграм-канал «Графач», які звязваюць з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, паразважаў пра кейс Пратасевіча і, раптоўна, пра дыскрымінацыю беларусаў за палітыку.

17.10.2024 / 13:05

Скрыншот відэа 

Аўтар канала наракае, што Рамана Пратасевіча, які быў адной з медыйных асоб дэмакратычнага руху, памілавалі, працаўладкавалі, адпусцілі ў адпачынак у Дубай і зараз робяць з яго ўжо прапагандысцкі кейс.

У той жа час многія беларусы не могуць уладкавацца на працу з-за палітычных артыкулаў ці нават проста подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Не толькі тыя, хто паддаўся ўплыву за рэпосты або хто вызваліўся пасля турмы, але і проста паставілі росчырк падчас легальнай (!) працэдуры збору подпісаў кандыдатаў — маюць аб'ектыўныя праблемы з прадузятай увагай і працаўладкаваннем, асабліва на дзяржаўныя прадпрыемствы. Тым больш у раённых гарадах», — прызнае дыскрымінацыю па палітычных матывах канал лукашэнкаўцаў.

Аўтар паста наракае, што з-за гэтага беларусы вымушаны з'язджаць у Польшчу ці Літву. І гэтая сітуацыя ўплывае не толькі на іх саміх, але і на іх сваякоў ды сяброў. І такім чынам колькасць незадаволеных сітуацыяй толькі расце.

«Сама канцэпцыя адмены не дасягае мэт рэсацыялізацыі, а наадварот штурхае ў маргіналізацыю. У Савецкім саюзе працоўная рэабілітацыя была базай вяртання чалавека да звычайнага жыцця. Бо калі яму не пакінуць выбару — ён абавязкова вернецца да дэструктыву», — лічыць «Графач».

Таму, на думку аўтара, праблема арміі незадаволеных «не вырашаецца дэманстрацыяй асобнага прапагандысцкага кейса Пратасевіча, які не б'ецца з рэальнасцю, а толькі можа яе пагоршыць».

Nashaniva.com