Белстат назваў самыя крымінальныя раёны Беларусі

Узровень злачыннасці ў Беларусі з 2018-га па 2023-ці вырас амаль на 5%. 

16.10.2024 / 12:11

Летась у краіне ў сярэднім рэгістравалася 930 злачынстваў на 100 тыс. чалавек. У 2018-м было істотна менш — 888.

За апошнія пяць гадоў, паводле звестак Белстата, злачыннасць знізілася ў Віцебскай і Мінскай абласцях.

А вось у астатніх рэгіёнах яна павялічылася.

Больш за ўсё злачынствы адзначаліся ў Асіповіцкім (Магілёўская вобласць) і Добрушскім (Гомельская вобласць) раёнах.

У гэтых рэгіёнах у 2023-м на кожныя 100 тыс. жыхароў фіксавалі больш за 1450 злачынстваў. Гэта ў паўтара раза вышэй, чым у сярэднім па краіне.

Трэцяе месца ў зусім не ганаровым рэйтынгу заняў яшчэ адзін раён Магілёўскай вобласці — Клічаўскі — з паказчыкам 1386 злачынстваў на 100 тыс. чалавек.

Самымі спакойнымі сталі тры заходнія раёны Віцебскай вобласці:

Шаркаўшчынскі (478 злачынстваў на 100 тыс. чалавек)
Докшыцкі (553)
Глыбоцкі (601).

Таксама агулам па краіне за 2023 год агульная колькасць злачынстваў знізілася ў параўнанні з 2022-м.

Nashaniva.com