ГУБАЗіК пракаментаваў сітуацыю з Максам Каржом

Учора стала вядома, што ГУБАЗіК пагражае аднаму з самых папулярных беларускіх спевакоў. 

16.10.2024 / 11:59

Нагадаем, сілавікі паведамілі, што патэлефанавалі спеваку Максу Каржу і выклікалі яго на гутарку. Нагодай для гэтага стаў нібыта «шэраг скаргаў».

ГУБАЗіК быў незадаволены тым, што на яго канцэртах некаторыя людзі ўздымаюць бчб-сцягі, а самога Каржа абвінаваціў у падтрымцы Украіны ў вайне.

Сёння тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіКам (маецца на ўвазе неафіцыйны канал сілавікоў), напісаў, што на спевака пакуль яшчэ няма ніякай крымінальнай справы.

«Усе прэтэнзіі праваахоўнікаў па скаргах грамадзян можна зняць простай прафілактычнай гутаркай», — абяцае ГУБАЗіК.

Цяпер спявак, як сцвярджаецца, за мяжой, ён не затрыманы. Апошнія канцэрты артыста былі ў іншых краінах.

***

Макс Корж — адзін з самых вядомых беларускіх спевакоў. Апошнія гады ён не выступаў у Беларусі, бо яго ўнеслі ў чорны спіс. Праз сваю антываенную пазіцыю артыст не можа даваць канцэрты і ў Расіі, дзе ў яго вялізная аўдыторыя.

У 2022 годзе пасля пачатку вайны ён выпусціў песню «Свой дом». Там ёсць наступныя радкі: «Тот прав, кто защищает свой дом». У другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца».

У ліпені 2024 на канцэрце ў Таліне ён заклікаў спыніць вайну. «Можна жыць у кайф, але пакуль мы не спынім вайну, паўнавартасна жыць у кайф у нас не атрымаецца. Спыніце вайну. Ніхто, акрамя нас, яе не спыніць», — заявіў са сцэны артыст.

Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК

Макс Корж хацеў зладзіць «магутны адрыў» у Казахстане. Але ўмяшаўся футбол

Nashaniva.com