У Віцебску прадаецца Opel 1937 года. А просяць як за сучаснае аўто
Жыхар Віцебска выставіў на Kufar нямецкі аўтамабіль, якому 87 гадоў. Гэтая мадэль выпускалася ўсяго два гады, пішуць Народныя навіны Віцебска.
15.10.2024 / 13:38
У апісанні мадэль аўто паказаная як B6. Але, хутчэй за ўсё, гэта «Opel Super 6». Гэтая мадэль выпускалася з 1937 па 1938 гады ў некалькіх варыянтах. Усяго было выпушчана 46 453 аўтамабілі. У Віцебску прадаецца варыянт з 4-дзвярным кузавам.
Аўтамабіль важыў больш за тону — 1145 кілаграмаў — і з родным 2.5 літровым рухавіком магутнасцю звыш 50 конскіх сіл мог разганяцца да 117 кіламетраў за гадзіну.
Дадзены асобнік «Opel Super 6» знаходзіцца прыкладна за 25 кіламетраў ад Віцебска ў Крупеніна. Захоўваецца ён у нейкім паўразбураным будане, і час не пашкадаваў антык.
Мяркуючы па аўтамабільным рэгістрацыйным нумары СССР узору 1959 года, гэта аўто эксплуатавалася яшчэ як мінімум у 1960-я. Яго ўладальнік, мяркуючы па тым жа нумары «97-97 СМП» жыў у Смаленскай вобласці РСФСР і меў «блат» у ДАІ, так змог атрымаць «прыгожы» нумарны знак.
Кошт лота ўстаноўлена прыкладна эквівалентны 10 000 далярам.