NASA запусціла касмічны апарат да Еўропы, каб адшукаць там жыццё

Касмічны апарат Europa Clipper, які паляціць да спадарожніка Юпітэра, быў запушчаны пры дапамозе ракеты-носьбіта Falcon Heavy кампаніі SpaceX.

16.10.2024 / 13:22

Паверхня Еўропы, ледзянога спадарожніка Юпітэра. Фота: NASA

Пра гэта паведаміла прэс-служба NASA.

Пуск зонда прайшоў з пляцоўкі 39A Касмічнага цэнтра імя Кэнэдзі на мысе Канаверал у Фларыдзе. Першапачаткова запуск быў запланаваны на 10 кастрычніка, аднак яго прыйшлося адкласці з-за ўрагана «Мілтан».

Для выхаду на арбіту Юпітэра ў красавіку 2030 года апарату трэба будзе пераадолець каля 2,9 мільярда кіламетраў. Навуковыя даследаванні вакол Еўропы касмічны апарат пачне выконваць у 2031 годзе.

Зонд забяспечаны самым складаным наборам навуковых інструментаў, які NASA калі-кольвек накіроўвала да Юпітэра, у тым ліку радарамі, камерамі і прыборамі для вымярэння цяпла.

Меркаваная структура паверхні Еўропы. Фота: NASA/JPL-Caltech

Тры асноўныя навуковыя мэты Europa Clipper уключаюць вызначэнне таўшчыні ледзяной кары спадарожніка і даследаванне саставу і геалогіі падлёднага акіяна.

Калі місія дакажа, што Еўропа прыдатная для жыцця, гэта можа пацвердзіць тое, што ў Сонечнай сістэме і за яе межамі існуе больш сусветаў, прыдатных для жыцця, чым меркавалася раней, гаворыцца ў паведамленні NASA.

Еўропа з'яўляецца шостым па аддаленасці спадарожнікам Юпітэра і доўгі час лічылася адным з найбольш прыдатных месцаў для жыцця ў Сонечнай сістэме (не лічачы Зямлі). Місія Juno ад NASA правяла яе дэталёвае даследаванне ўпершыню ў гісторыі ў 2024 годзе. Даныя місіі Galileo паказалі, што пад ледзяной паверхняй спадарожніка знаходзіцца вада, аб'ём якой прыкладна ўдвая перавышае аб'ём зямных акіянаў.

Дно акіяна на Еўропе пакрывае горныя пароды, што спрыяе хімічным рэакцыям і выпрацоўцы энергіі. Гэта робіць спадарожнік Юпітэра ключавым кандыдатам, каб адшукаць першыя прыкметы жыцця па-за Зямлёй. 

Тэхналагічны прарыў SpaceX: ракета-носьбіт вярнулася на стартавы комплекс

Касмічны карабель Starliner вярнуўся на Зямлю

Бітва за час: хто першы ўсталюе гадзіннік на Месяцы?

Nashaniva.com