Ізраіль гатовы атакаваць вайсковыя аб'екты Ірана

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, што гатовы нанесці ўдар па вайсковых аб'ектах у Іране, але не па нафтавых ці ядзерных. Пра гэта паведамілі дзве інфармаваныя крыніцы газеце The Washington Post.

15.10.2024 / 09:05

Ілюстрацыйнае фота: Ariel Schalit / AP

Паводле іх, гэта адбылося падчас тэлефоннай размовы двух лідараў на мінулым тыдні. Да гэтага Байдэн адмовіўся падтрымаць удар Ізраіля па іранскіх ядзерных аб'ектах у адказ на масіраваны абстрэл ізраільскай тэрыторыі.

У выніку, як адзначыў адзін са суразмоўцаў WaPo, Нетаньяху «заняў больш памяркоўную пазіцыю». Ён запэўніў, што атака будзе спланаваная такім чынам, каб пазбегнуць уплыву на выбары прэзідэнта ЗША, якія адбудуцца ў лістападзе.

Іншая крыніца выдання ўдакладніла, што Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) збіраецца нанесці ўдар па Іране да выбараў у ЗША, то-бок да 5 лістапада. У адваротным выпадку адсутнасць рэакцыі Ізраіля «можа быць расцэненая як слабасць», дадаў ён.

Удар Ізраіля па нафтавых аб'ектах Ірана мог прывесці да рэзкага росту цэн на энерганосьбіты, а атака на ядзерныя аб'екты краіны справакавала б далейшую эскалацыю і прамое ўцягванне ЗША ў канфлікт, адзначалі аналітыкі. Таму ў Вашынгтоне з палёгкай успрынялі рашэнне Нетаньяху нанесці ўдар па вайсковых аб'ектах, дадалі крыніцы WaPo.

Іран нанёс масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі ўвечары 1 кастрычніка. Паводле даных ЦАХАЛ, усяго было выпушчана больш за 200 ракет, большасць з якіх збілі сродкамі супрацьпаветранай абароны (СПА). Тэгеран назваў атаку адказам на гібель лідара ліванскай групоўкі «Хезбала» Хасана Насраллы і генерал-маёра КСІР Абаса Нілфарышана пры ўдары Ізраіля па Бейруце 27 верасня, піша The Moscow Times.

Nashaniva.com