Канада абвінаваціла Індыю ў арганізацыі сачэння і забойстваў на канадскай тэрыторыі

Канадскія СМІ расказалі дэталі рэзананснай справы, якая прывяла да масавых высылак дыпламатаў і істотнага пагаршэння адносін паміж дзвюма краінамі.

15.10.2024 / 09:39

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо і прэм'ер-міністр Індыі Нарэнда Модзі. Фота: Evan Vucci / AP

«Індыйскія ўлады маюць прамое дачыненне да адсочвання, ціску, шантажу і забойстваў сваіх палітычных апанентаў на тэрыторыі Канады, якія маюць канадскае грамадзянства. Гэта надзвычайная сітуацыя і прамая атака на нашых грамадзян», — заявіў камісар федэральнай паліцыі Канады Майк Дзюэм, перадае агенцтва CBC.

Ведамства інфармуе, што сабрала значную колькасць доказаў і сведчанняў «аб глыбокай злачыннай дзейнасці індыйскіх уладаў на тэрыторыі Канады», якая ажыццяўлялася праз індыйскіх дыпламатаў і чыноўнікаў у Канадзе. Сцвярджаецца, што яны збіралі даныя пра індыйскіх апазіцыянераў, прымушалі некаторых звычайных канадскіх грамадзян працаваць на індыйскія спецслужбы, праз пасярэднікаў умешваліся ў дэмакратычныя працэсы ў краіне, а таксама замаўлялі ў арганізаваных злачынных груповак ліквідацыю апанентаў індыйскіх уладаў, якія мелі канадскае грамадзянства.

Так, у мінулым годзе індыйскай выведкай быў застрэлены канадскі грамадзянін Хардып Сінгх Ніджар, лідар сікхскай абшчыны Канады і актывіст барацьбы за незалежнасць Халістана ад Індыі, адзначае канадская федэральная паліцыя. У Канадзе пражывае каля 770 тысяч сікхаў, частка з якіх выступае за стварэнне асобнай дзяржавы Халістан на тэрыторыі індыйскага штата Пенджаб. Індыйскія ўлады лічаць актывістаў незалежнасці Халістана пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасці і нацыянальнай бяспецы краіны.

Рэзанансную справу пракаментаваў і канадскі прэм'ер-міністр Джасцін Трудо, які абвінаваціў урад Індыі ў арганізацыі забойстваў і іншых злачынстваў на тэрыторыі Канады.

«Мы ніколі не дапусцім сітуацыі, калі замежны ўрад будзе пагражаць нашым грамадзянам і забіваць іх на нашай зямлі. Відавочна, што ўрад Індыі зрабіў істотную памылку, лічачы, што можа беспакарана ладзіць у Канадзе забойствы, вымаганні або іншыя гвалтоўныя дзеянні. Гэта абсалютна непрымальна», — катэгарычна заявіў прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо.

На фоне гэтых заяў канадскі МЗС пастанавіў выслаць з краіны шэсць індыйскіх дыпламатаў, якія, па інфармацыі следства, маюць непасрэднае дачыненне да вышэйзгаданых злачынстваў. Улады Індыі ў адказ на гэта таксама выслалі шэсць канадскіх дыпламатаў. Перад гэтым Канада адклікала з Індыі звыш 40 сваіх дыпламатаў і спыніла дзейнасць сваіх консульстваў у буйных індыйскіх гарадах.

Індыйскі ўрад, у сваю чаргу, адмаўляе канадскія абвінавачванні і называе іх «недарэчнымі і неабгрунтаванымі», адзначаючы, што пакідае за сабой права рэагаваць на «недружалюбныя крокі» Канады.

Канада ўвяла санкцыі супраць Колі Лукашэнкі

Індыя стала другім па велічыні пасля Кітая пастаўшчыком крытычна важных тэхналогій у Расію

Маштабы кітайскага шпіянажу ашаламляюць заходнія ўрады — The Wall Street Journal

Nashaniva.com