«Нешта ведаў — трохі падставіў іх яшчэ тады». Украінскі спявак успомніў, як прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні-2018

Мікіта Аляксееў тады не змог выйсці ў фінал, але ні пра што не шкадуе.

14.10.2024 / 13:13

Украінскі спявак Alexeev прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні-2018 з песняй «Forever». Вядучы радыё Люкс ФМ! спытаў у выканаўцы, ці шкадуе ён пра такі досвед, улічваючы цяперашнія рэаліі.

«Тое, што я заняў там амаль перадапошняе месца, цяпер, калі мы разумеем, у нашых рэаліях — я нешта разумеў і ведаў. Трохі іх падставіў яшчэ тады», — пажартаваў Alexeev.

А затым спявак дадаў, што насамрэч шануе досвед, які атрымаў на конкурсе.

«Калі сур'ёзна, то гэта неверагодны вопыт. Калі ты ўжо пабываў там, на галоўнай сцэне, табе ўжо нічога не страшна, ты ўжо ўсё ведаеш. Бо, калі ты сапраўды там апыняешся — гэта энергетычна, па-першае, складана і, па-другое, гэта выводзіць цябе на наступны ўзровень.

Я такі чалавек, які ўсё ўспрымае вельмі моцна, я адчуваю людзей, і калі ты апыняешся там, ты разумееш, што мільёны вачэй зараз глядзяць на цябе ў гэтую секунду, і гэта неверагодны імпульс, ён трапляе маланкай проста ў цябе», — адзначыў спявак.

Паводле яго слоў, тыя адчуванні на Еўрабачанні змянілі яго як чалавека і як прафесіянала сваёй справы.

«Таму, калі ты пытаеш, ці шкадую я — не, бо гэта быў неверагодны, класны досвед», — рэзюмаваў Alexeev.

На конкурсе ў Лісабоне прадстаўнік Беларусі заняў 16-е месца сярод 19 удзельнікаў першага паўфіналу. Для выхаду ў фінал неабходна было трапіць у дзясятку.

Nashaniva.com