Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі

У сакавіку Следчы камітэт пачаў спецвытворчасць супраць пенсіянеркі з Глыбокага Людмілы Барэйкі. 8 траўня суд Глыбоцкага раёна завочна прызначыў ёй два гады зняволення паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). Як піша «Віцебская Вясна», 9 кастрычніка Віцебскі абласны суд «вызваліў» Людмілу па амністыі і зняў судзімасць.

14.10.2024 / 11:40

Згодна з пастановай абласнога суда, жанчыну амніставалі падставе абз. 5 арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 07.12.2022 № 220-3 «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Таксама ў яе знялі судзімасць.

24 траўня 2024 года жанчыну ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

У сакавіку 2020 года Людміла Барэйка дала інтэрв'ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму, які завітаў тады ў Глыбокае. У гутарцы з ім яна прыгадала казку Карнея Чукоўскага «Тараканішча» пра таракана, які ўсіх трымаў у страху. Але высветлілася, што яго можна проста расціснуць. Гэта відэа на канале «Краіна для жыцця» паглядзелі амаль 1,6 млн чалавек. «Стоп таракан!» стаў лозунгам палітычнай кампаніі Ціханоўскага. 

У траўні 2020 года за гэта інтэрв'ю жанчына атрымала штраф у 270 рублёў — за парушэнне ч.1 арт. 23.34 КаАП. Паводле абвінавачання, яна ажыццявіла «пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і асабістага стаўлення да дзеючай улады ў рэжыме анлайн». Пад пагрозай крымінальнага пераследу жанчына вымушана была пакінуць Беларусь.

Nashaniva.com