У Беларусі ўпершыню выявілі заражанага новым варыянтам ковіда ХЕС

Гэты варыянт каранавіруса гуляе па Еўропе з лета.

14.10.2024 / 11:33

Варыянт каранавіруса ХЕС знайшлі ў аднаго з пацыентаў па выніках тэсту ў лабараторыі НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Пра гэта расказала галоўная санітарная доктарка краіны Святлана Нячай. Падрабязнасці заражэння новым варыянтам каранавіруса Міністэрства аховы здароўя не паведамляе.

Варыянт каранавіруса ХЕС упершыню быў выяўлены ў Германіі ў чэрвені 2024 года, з тых часоў ён распаўсюдзіўся па Еўропе. Гэта гібрыд двух варыянтаў штаму амікрон, якія цыркулявалі раней. Асаблівасць ХЕС у тым, што ён лепш звязваецца з клеткамі чалавека.

Сімптомы ХЕС мала чым адрозніваюцца ад іншых штамаў — у асноўным, гэта павышэнне тэмпературы, боль у горле і целе.

Nashaniva.com