У Мінабароны расказалі, як атрымаць дазвол на палёт беспілотніка

Заяўку на выкарыстанне паветранай прасторы для беспілотнікаў неабходна падаць не пазней, чым за дзве гадзіны да палёту. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканала СТБ Расціслаў Давідзюк, начальнік упраўлення па выкарыстанні паветранай прасторы Узброеных сіл Беларусі.

14.10.2024 / 07:45

Прадстаўнік Міністэрства абароны ўдакладніў, што любому палёту павінен папярэднічаць дазвол органаў адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. Акрамя таго, на ўсёй тэрыторыі Беларусі існуюць зоны, у якіх арганізацыя палётаў патрабуе дадатковага дазволу на выкарыстанне паветранай прасторы ў забароненых зонах.

У выпадку адсутнасці спецыяльных дазволаў, палёт беспілотніка будзе лічыцца парушэннем правілаў выкарыстання паветранай прасторы, за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Расціслаў Давідзюк дадаў, што адразу вызначыць, ці законны палёт беспілотнага апарата і каму ён належыць, немагчыма. Але час рэагавання скарачаецца, бо «з выкарыстаннем сродкаў сувязі ўдакладняецца ў цэнтры адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху пра правамернасць палёту гэтага беспілотніка ў даследуемым раёне».

У верасні 2023 года быў падпісаны ўказ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». Дакумент забараніў фізічным асобам увоз, эксплуатацыю і выраб дронаў, а таксама іх захоўванне. Такое права цяпер маюць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі для ажыццяўлення прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці пры ўмове выканання патрабаванняў заканадаўства.

Nashaniva.com