Малады міліцэйскі начальнік нагадаў святарам Шчучыншчыны пра адказнасць за чытанне незалежных СМІ
У Шчучынскім райвыканкаме для каталіцкіх і праваслаўных святароў мясцовыя чыноўнікі правялі палітінфармацыю.
13.10.2024 / 16:38
Выконваючы абавязкі начальніка крымінальнага вышуку РАУС Уладзіслаў Хмялеўскі. Фота: «Дзянніца»
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі назваў гэты фармат «дзелавой нарадай свецкай улады і духоўнай улады», паведамляе раённае выданне «Дзянніца».
Святары даведаліся, што трэба прывівацца ад грыпу, у храмах павінна быць сістэма пажарнай бяспекі, а маладое пакаленне трэба выхоўваць.
Малады старшы оперупаўнаважаны, выконваючы абавязкі начальніка крымінальнага вышуку РАУС Уладзіслаў Хмялеўскі абазначыў і «асноўныя моманты працы ў частцы супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму».
Праваслаўныя святары на нарадзе. Фота: «Дзянніца»
Пад экстрэмізмам і тэрарызмам міліцыянт, відавочна, разумее чытанне і распаўсюджванне кантэнту незалежных беларускіх СМІ.
«Акцэнт быў зроблены на адказнасці за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў у глабальнай сетцы Інтэрнэт», — перадае яго словы раёнка.
Пасля дакладаў чыноўнікаў кожны з прысутных святароў мог задаць сваё пытанне і абмаляваць існуючую праблему.