Міністр заявіў, што беларуская культура ачысцілася ад «дэструктыўных элементаў»

Анатоль Маркевіч у духу часу назваў работнікаў галіны байцамі культурнага фронту. «Нас цэлае войска».

13.10.2024 / 17:18

Анатоль Маркевіч. Фота: БелТА

Міністр культуры Анатоль Маркевіч з нагоды Дня работнікаў культуры паразважаў аб стане гэтай сферы ў краіне.

Кіраўнік ведамства заявіў, што работнікі сферы культуры мабілізаваны на бітву за Беларусь, піша БелТА.

«Культура з'яўляецца той сферай, якая здольная даць годны адпор антыпатрыятычным і амаральным выклікам і пагрозам. Нас больш за 50 тысяч. Гэта цэлае войска. І сёння ўсе мы — байцы культурнага фронту, мабілізаваныя на духоўную бітву за Беларусь.

Час выбраў нас. Ад міністра да загадчыка клуба і сельскага бібліятэкара залежыць поспех у барацьбе за розумы і душы суграмадзян», — заявіў Маркевіч.

Ён таксама абвясціў перамогу над «дэструктыўнымі элементамі», ад якіх, на яго думку, беларуская культура ачысцілася.

«Ачысціўшыся ад дэструктыўных элементаў, культурная супольнасць засяродзіла намаганні на вырашэнні галоўнай задачы — выхаванні дастойных грамадзян і патрыётаў Беларусі. У гэтай працы актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял нашых музеяў і аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны», — мяркуе Маркевіч.

Міністр таксама пахваліўся, што патрыятычная ў разуменні ўладаў тэматыка стала галоўнай у працы тэатральна-відовішчных арганізацый і нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Nashaniva.com