У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Пра суд над Андрэем Суздальцавым, які мае адбыцца 15 кастрычніка, напісаў у сваім тэлеграм-канале ягоны вучань, блогер Раман Юнеман.

12.10.2024 / 22:45

Андрэй Суздальцаў

Юнеман, які пад кіраўніцтвам Суздальцава піша кандыдацкую дысертацыю пра Казахстан, адзначае, што ягоны настаўнік 13 гадоў працаваў у Беларусі і нібыта «адзін з найлепшых у РФ экспертаў па гэтай краіне». Прытым ён «паслядоўны крытык рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», але «выключна з прарасійскіх пазіцый».

«Ён цалкам справядліва лічыць, што РБ толькі імітуе інтэграцыю і стварэнне Саюзнай дзяржавы, бясконца зацягвае працэс, а на міжнародным узроўні беларускія ўлады праводзяць хітрую шматвектарную палітыку, атрымліваючы пры гэтым ад Расіі велізарныя льготы і зніжкі», — піша блогер пра Суздальцава.

Дзеля таго Лукашэнка яму, маўляў, усяляк помсціць, прытым дайшло нават да таго, што яго будуць судзіць па крымінальнай справе.

Крымінальная справа супраць Суздальцава заведзена паводле пазову пасольства Беларусі ў Расіі за паклёп (арт. 128.1 ч. 2 і ч. 5 Крымінальнага кодэкса РФ). Суд над палітолагам пройдзе ўжо 15 кастрычніка ў маскоўскім Ляфортаўскім судзе.

Па артыкулах, якія інкрымінуюцца Суздальцаву, яму пагражае да 5 гадоў зняволення.

«Але нават калі справа скончыцца не турмой, а штрафам або папраўчымі работамі, для Суздальцава такі прысуд можа азначаць, што ён больш не зможа працаваць у ВНУ і афіцыйна займацца навуковай дзейнасцю. Ён будзе разгромлены як спецыяліст», — гаруе ягоны вучань.

Андрэй Суздальцаў — расійскі палітолаг, палітычны каментатар па беларускай тэматыцы. Ён нарадзіўся ва Уладзівастоку, у пачатку 1990-х ажаніўся з беларускай і пераехаў у Беларусь, дзе стаў разгортваць прарасійскую дзейнасць у асяродку дэмакратычнай апазіцыі.

У 2006 годзе ён быў пазбаўлены дазволу на жыхарства і высланы з краіны. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Суздальцаў ставіў «пад пагрозу нацыянальную бяспеку Беларусі».

Пасля дэпартацыі Суздальцаў асеў у Маскве, дзе стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.

11 студзеня 2024 года МУС РБ прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Андрей Суздальцев». Пасля таго канал неадкладна спыніў працу.

У канцы сакавіка 2024 года старонка Андрэя Суздальцава знікла з сайта Вышэйшай школы эканомікі, імаверна, праз пераслед беларускімі ўладамі. У красавіку расійскія СМІ паведамілі пра ягонае затрыманне, што сам палітолаг пасля абвяргаў і называў «правакацыяй».

«Для яго Лукашэнка — беларускі нацыяналіст». Чым вядомы расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў

Расійскія СМІ паведамілі пра затрыманне Андрэя Суздальцава. Ён абвяргае

З сайта маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі знікла старонка палітолага Суздальцава. Імаверна, праз пераслед беларускімі ўладамі

Тэлеграм-канал расійскага палітолага спыніў працу пасля прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» у Беларусі

Тэлеграм-канал Суздальцава абвешчаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем»

Экс-сілавік Ігар Макар: Планавалася фізічнае знішчэнне палітолага Суздальцава

Nashaniva.com