Да канца года мінскую сетку веласцежак павялічаць на 21 км
У Мінску плануецца значнае пашырэнне сеткі веласцежак: да канца бягучага года будзе арганізавана звыш 21 км новых участкаў. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максім Варапай на пасяджэнні гарадской камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, пішуць «Мінск-Навіны».
12.10.2024 / 21:24
З агульнай колькасці веласцежак пасля гэтага 27 км будуць магістральнымі, 2,1 км — на праезнай частцы, а звыш 264 км — адасобленымі і сумешчанымі.
Варапай таксама адзначыў, што ў рамках плана па ўладкаванні веласіпедных сцежак на 2025-2030 гады ў Мінску павінна быць створана да 380 км асноўных веласіпедных шляхоў.
Сярод запланаваных работ — будаўніцтва веласцежкі працягласцю 1190 м і шырынёй 2,5—3 м уздоўж бульвара на вуліцы Гамарніка, а таксама веласцежкі даўжынёй 19 км уздоўж канала Сляпянскай воднай сістэмы.
Акрамя таго, у план уключаныя ўчасткі для арганізацыі веласцежак на тратуарах у розных раёнах горада.
Абследаванне вуліц для ўладкавання новых веласцежак завершыцца да 1 лютага 2025 года, пасля чаго будуць вызначаныя месцы і тэрміны рэалізацыі праекта.
У Мінску ўзмацнілі кантроль за веласіпедыстамі і самакатчыкамі
Ад МКАДа да Мінскага мора пабудуюць веладарожку
У Гродне з савецкімі лозунгамі адкрылі транспартную развязку