Зяленскі падарыў Папу Рымскаму карціну, прысвечаную трагедыі ў Бучы
Папа Рымскі Францішак прыняў прэзідэнта Украіны ў Ватыкане, іх сустрэча працягвалася паўгадзіны.
12.10.2024 / 14:38
Вяртанне палонных і дэпартаваныя ўкраінцаў стала галоўнай тэмай перамоваў з Папам, піша Bild.
«Для ўсіх нас ва Украіне застаюцца вельмі балючымі пытанні, што датычацца палонных і дэпартаваных людзей. Гэта дарослыя і дзеці, шматлікія мірныя жыхары, якія зараз знаходзяцца ў турмах і лагерах у Расіі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.
Зяленскі падчас сустрэчы падарыў Папу карціну пад назвай «Разня ў Бучы», на якой намаляваная дзяўчынка сярод руін.
Прэзідэнт Украіны таксама сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Ватыкана П'етра Паралінам. Іх перамовы былі прысвечаныя абмеркаванню таго, як спыніць вайну ва Украіне і дасягнуць справядлівага і стабільнага міру. Галоўны дыпламат Ватыкана выказаў занепакоенасць гуманітарнай сітуацыяй у краіне.